Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй аб супрацы ў будаўніцтве Астравецкай АЭС. Законапраект, які так ці інакш закранае кожнага жыхара нашай краіны, дэпутаты прынялі ў закрытым рэжыме. Вольга Абрамава, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, кажа: "Калі пайшлі на закрытае паседжанне, значыць, вельмі баяцца грамадскага меркавання ў гэтым пытанні. І баяцца, насуперак усялякай логіцы, што нехта з гэтага складу можа задаць законныя пытанні". Кантрактная дамова аб пабудове і ўводзе ў эксплуатацыю двух энергаблокаў АЭС была падпісаная ў Кранштаце на мінулым тыдні. Яна забавязвае Расею выдзеліць крэдыт на будоўлю, а Беларусь -- набываць ядзернае паліва ў Расеі. Шэраг грамадскіх арганізацыяў і эколагі абедзвюх краінаў рэзка асудзілі пагадненне, падкрэсліваючы, што яно рыхтавалася закрыта і без уліку меркавання грамадскасці. Генеральны кантракт улады збіраюцца падпісаць на пачатку наступнага года. Адэля Дубавец, "Аб'ектыў"