Хваля джазу небывалага маштабу накрыла Менск. У сталіцы пачаўся першы фестываль «JazzinMinsk-2012». Цягам пяці дзён імпрэзы джазу меламанам дадуць прызнаныя віртуозы ЗША, Бразіліі, Брытаніі, Польшчы, Нямеччыны, Расеі ды Кубы. Адна з самых чаканых госцяў імпрэзы -- ТАбіта Кінґ, якую меламаны ведаюць таксама як каралеву джазу. Яна прывезла ў Менск праграму "Шэдэўры Ўітні Г'юстан". ТАБІТА КІНГ, СПЯВАЧКА: „Для мяне вялікі гонар тут быць, я вельмі цешуся, што тут цэняць джаз, а таксама R'n'B ды поп-музыку, бо гэта ўсё я падтрымліваю. Я люблю джаз і R'n'B, і калі я спяваю, гэта сапраўды адчуваецца". Сярод іншых сусветных зорак джазу, што прыехалі ў Менск, вакалісткі Двора Дэйвіс і Клод'я Эльяза, уладальнік некалькі джазавых прэміяў Чарлз Тэрнэр, саксафаніст афрыканскага джазу Эрні Ўотс. Колькасць і маштаб зорак -- заслуга арганізатараў, перадусім Яўгена Уладзімірава. Свята вольнасці ды музыкі працягнецца ў Менску да чацвярга, закрыюць фестываль грандыёзным джэм-сэйшнам. Іншыя тэмы: у Менску назвалі лаўрэатаў II Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Не стала фантаста Барыса Стругацкага.