Беларускія незалежныя кнігавыдаўцы ўпершыню прэзентаваныя на прэстыжным штогадовым кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве. НАВЕДНІК КІРМАШУ: "Цікавіць гісторыя нашых народаў, а таму прыйшоў паглядзець, што новага". Тым больш -- выбіраць ёсць з чаго. Павільён беларускай кнігі аб'ядноўвае некалькі выдавецтваў -- як дробных, так і вядомых шырокаму чытачу: "АРХЭ" ці кніжная серыя "Гарадзенская бібліятэка". ЭДВАРД ДЗМУХОЎСКІ, СЕРЫЯ «ГАРАДЗЕНСКАЯ БІБЛІЯТЭКА»: "Мы выдаем тое, што лічым патрэбным выдаваць. Мы не падлягаем ані пад якія ідэалагічныя клішэ -- хутчэй, мы не адпавядаем афіцыйным устаноўкам". Магчыма, праз тое, дзяржаўныя кірмашы на радзіме ігнаруюць незалежных выдаўцоў, нават насуперак попыту. Толькі апошняя навінка на рынку, "Гродназнаўства", выдадзеная некалькімі тысячамі экзэмпляраў, разышлася ў Беларусі за два месяцы. Хоць кошт багата аздобленай кнігі ў Менску не малы -- 500 000 рублёў. Усведамляюць вартасць нашай кнігі і ў польскай сталіцы. Беларускі павільён -- першы замежны за ўсю гісторыю кірмашу.