У крымінальнай справе Андрэя Пачобута прызначаная чарговая лінгвістычная экспертыза. Гэтым разам вывучаць тэксты карэспандэнта польскай "Gazety Wyborczej" на наяўнасць паклёпу на Аляксандра Лукашэнку будуць мовазнаўцы з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту. Пра гэта Пачобут даведаўся ў Следчым камітэце. Сам журналіст правядзенне дадатковай экспертызы лічыць бессэнсоўным, тым больш, што раней падобныя працэдуры праводзіліся ўжо тройчы. АНДРЭЙ ПАЧОБУТ, ЖУРНАЛІСТ: "Улады спрабуюць стварыць бачнасць нейкіх следчых дзеянняў, каб не выглядала, што гэтая справа проста вісіць у паветры. А фактычна яно так і ёсць. Кожны момант можа быць прынятае рашэнне пра перадаванне справы ў суд, але пакуль уладам гэта не трэба".