Белстат рапартуе: рост спажывецкіх цэнаў з пачатку года перавысіў 20 %. У межах жа сёлетняга прагнозу, ад 19 да 22 %, айчынная эканоміка нават мае на снежань невялічкі запас (1,6 %) у падзенні. Зрэшты, нават з гэткімі паказнікамі Беларусь упэўнена вядзе рэй у росце коштаў на постсавецкай ды еўрапейскай прасторы. ЯЎГЕН ПРЭЙГЕРМАН, ЭКАНАМІСТ: "20 % інфляцыі -- гэта жудасная лічба. Гэта дыягназ макраэканамічнай палітыкі як абсалютна неадэкватнай і ненармальнай. Інфляцыя да 3 % лічыцца ў свеце больш-менш прымальнай. І калі мы зірнем у розных дакументах, то гэтай лічбы ўсе больш-менш і прытрымліваюцца. Калі больш, то гэта ўжо вялікая праблема". Зрэшты, каму, як ні беларусам, прызвычайвацца да жахаў? Апошнія гады інфляцыя ў краіне трымалася прыблізна 10-адсоткавай планкі, а на тле леташніх 109 % сёлетнія лічбы ўспрымаюцца амаль спакойна.