Прэч з рэжымам! Такі заклік усё мацней гучыць у егіпецкай сталіцы. Учорашняя і сённяшняя шматтысячная хваля пратэстаў нагадвае тую леташнюю, калі зрынулі прэзідэнта Хосні Мубарака. Цяпер людзі супрацьстаяць новаму кіраўніку краіны. ПРАТЭСТОВЕЦ: "Мурсі скраў тое, што прынесла рэвалюцыя. Яго абралі прэзідэнтам, але ён адмовіўся ад дэмакратыі. І цяпер мы стаім на парозе новага аўтарытарызму -- Мурсі ды "Братоў-мусульманаў". Крытыка палітыкі дзейнага прэзідэнта Егіпту Мэгэмэда Мурсі гучыць звонку. Вярхоўны камісар ААН у пытаннях правоў чалавека заклікала егіпецкага кіраўніка не станавіцца на шлях дыктатуры. Наві Пілляй адзначыла, што прыняты прэзідэнтам дэкрэт, які надаў яму выключныя паўнамоцтвы, а судам забараніў аспрэчваць якія-кольвечы рашэнні Мурсі, адчыняе шлях да брутальных парушэнняў правоў чалавека. Тым больш што палітычная сітуацыя ў краіне з кожным днём напружанейшая, а сутыкненні паліцыі ды дэманстрантаў усё больш жорсткія. ПРАТЭСТОВЕЦ: "Дымавыя шашкі, патроны, кулямёты і смяротныя ахвяры сярод моладзі. Гэта тая ж сітуацыя, што і пры Хосні Мубараку. Мурсі перастаў слухаць людзей!" Алею ў агонь даліло ўчорашняя зацверджанне новага праекту канстытуцыі. Лібералы, левыя і хрысціяне, якія ўваходзяць у склад Канстытуцыйнай асамблеі, байкатавалі галасаванне. Дакумент ухвалілі прадстаўнікі руху "Браты-мусульмане", які стаяць на баку дзейнага прэзідэнта. Паводле апазіцыі, улады імкнуцца прыняць канстытуцыю, якая бароніць інтарэсы кіраўніцтва і абмяжоўвае правы грамадзянаў.