Не спыняецца ціск на палітвязняў. Суд прыняў рашэнне зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання Мікалая Дзядка, асуджанага ў справе анархістаў: сярод іншага -- за напад на расейскую амбасаду. Фармальнаю нагодаю, каб адправіць маладзёна ў вязніцу крытага тыпу, стала прызнанне яго злосным парушальнікам рэжыму. У якіх менавіта парушэннях яго абвінавачваюць, адміністрацыя калоніі паведамляць адвакату і сваякам зняволенага адмаўляецца. АЛЯКСАНДР ДЗЯДОК, БАЦЬКА ПАЛІТВЯЗНЯ: «Ёсць толькі прыблізныя звесткі, што ён нібыта кепска прыбраў камеру, на іх думку, адмовіўся чысціць прыбіральню. Расцэньваць такія парушэнні як сур'ёзныя нельга. Я перакананы, што гэта адбываецца толькі таму, што ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні». Рашэнне суда канчатковае і абскарджанню не падлягае. Раней злоснымі парушальнікамі рэжыму прызналі палітвязняў Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча і Яўгена Васьковіча. Цяпер яны адбываюць пакаранне ў крытых турмах.