Да добрага, кажуць, прызвычайваешся хутка. Таму і імавернасць вяртання шасцідзённага навучання, анансаваная Міністэрствам адукацыі, зусім не даспадобы сённяшнім школьнікам. ШКОЛЬНІКІ: "Я прызвычаіўся адпачываць у суботу, таму неяк кепска стаўлюся. Я б пакінуў выходны -- трэніроўкі, забавы". "У суботу часам факультатывы ёсць. Факультатывы -- хай сабе, а вучэбная субота -- не. У суботу гуляць трэба". "Я б лепш у суботу схадзіў на курсы, трэніроўкі". "Паспаць, паляжаць, проста пасядзець адпачыць, думкамі нават ад школы, ад настаўнікаў усіх гэтых і г. д. Не хочацца ў суботу вучыцца". Вярнуць у старэйшыя класы вучэбную суботу каля месяца таму прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік краіны сцвердзіў, што загрузіць дадатковы дзень варта спартовымі заняткамі. Прапанова Лукашэнкі практычна адразу знайшла водгук у адказным ведамстве. Днямі чыноўнікі ды працаўнікі адукацыі абмяркоўвалі яе на семінары, які прайшоў у Глыбокім.