Гіпермаркеты супраць дробных крамаў. Гэтае супрацьстаянне вядзецца ўжо даўно, але ўпершыню выйшла на ўзровень найвышэйшага беларускага кіраўніцтва. Яшчэ ўвосень парламент заблакаваў законапраект, які б рэгуляваў адносіны паміж рознымі суб'ектамі гандлю. Бізнес-супольнасць лічыць, што тады добра спрацавалі лабісты ад гіпермаркетаўскага бізнесу, якім не выгодныя змены на рынку. Цяпер жа ў сітуацыю ўмяшаўся прэм'ер Мясніковіч. Паводле бізнесоўцаў, ён распарадзіўся да 21 снежня стварыць працоўную групу, каб разабрацца ў спрэчцы буйных сетак з маленькімі крамамі. УЛАДЗІМІР КАРАГІН, МЕНСКІ САЮЗ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ: "Складваецца манапалістычная сістэма гандлю. І ў гэтай сістэме не будзе месца ні крамам крокавай дасяжнасці, ні гандлёвым цэнтрам". Паводле афіцыйнай статыстыкі, доля буйных гандлёвых арганізацыяў на беларускім рынку сапраўды расце. Калі ў 2010 г. у раздробным таваразвароце яны мелі троху болей за траціну, то цяпер 40,3 % прыпадае менавіта на гіпермаркеты і сеткі. Доля ж сярэдніх крамаў цягам трох гадоў знізілася з 9,2 % да 6,7 %. Бізнес-саюзы ўпэўненыя, што мінусы ад гэтага адчуюць і пакупнікі, якія набываюць тавары, і вытворцы. Бо часцяком гіпермаркеты чакаюць ад прадпрыемстваў бонусы за тое, што тавар адтуль трапіць на паліцы вялікіх крамаў.