Сёння ў Беларусі магло стаць на аднаго палітвязня менш. Здарылася б гэта, калі б на волю выйшаў лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч. Але ж -- новы прысуд. ПАВЕЛ САПЕЛКА, ЮРЫСТ: "Зміцер Дашкевіч не патрэбны ўладам на свабодзе. Таму ўлады выкарысталі вельмі простую магчымасць, якую дае крымінальнае заканадаўства. Яны пакаралі Змітра нібыта за парушэнне парадку адбывання пакарання". Маладафронтаўцаў Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава затрымалі два гады таму, за дзень да 19 снежня, -- нібыта за збіццё двух беспрацоўных. На судзе пацярпелых гэтак і не паказалі, тыя гаварылі праз прычыненыя дзверы. МІКОЛА ДЗЕМІДЗЕНКА, «МАЛАДЫ ФРОНТ»: "Ва ўладаў быў намер зрабіць гэтак, каб ні Зміцер, ні Эдуард не лічыліся паўнавартаснымі палітзняволенымі. Іх задача была даказаць, што сапраўды мела месца нейкае хуліганства". У выніку актывісты атрымалі прысуды: Дашкевічу -- 2, Лобаву -- 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле новага прысуду сёлета 28 жніўня Дашкевіч атрымаў яшчэ адзін год. Да таго ж пагоршыліся ўмовы зняволення: яго перавялі ў крытую гарадзенскую турму. Сёння там яго наведала адвакатка. Ад яе нявеста палітвязня даведалася, што выгляд і настрой Змітра добры. Асаблівых зменаў у ягоным жыцці няма. НАСТА ПАЛАЖАНКА, НЯВЕСТА ЗМІТРА ДАШКЕВІЧА: "У турме, як правіла, зменаў да лепшага няма. І калі зменаў няма, значыцца, гэта ўжо добра. Значыць, няма пагаршэнняў".