А пакуль мы з вамі можам глядзець, як артыкул Канстытуцыі пра свабоду сходаў рэалізоўваецца ў яго цяперашняй трактоўцы, грамадскасць спрабуе спыніць прыняцце паправак, якія яшчэ больш ускладняць правядзенне якіх-кольвек вулічных акцыяў. Адпаведны калектыўны зварот сёння перадалі ў Канстытуцыйны суд. Там цягам наступных пяці дзён мусяць разгледзець новую рэдакцыю Закону аб масавых акцыях, якую ў пятніцу ўхваліў Савет Рэспублікі. Папраўкі займеюць статус закону пасля экспертызы Канстытуцыйнага суда і подпісу прэзідэнта. АНДРЭЙ СУШКО, ЮРЫСТ РУХУ «ЗА СВАБОДУ»: «Мы просім Канстытуцыйны суд праверыць канстытуцыйнасць гэтых паправак. Таму што, на нашае меркаванне, яны, цалкам магчыма, пярэчаць Канстытуцыі. І ўжо дакладна яны пярэчаць міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў рамках АБСЕ, ААН і гэтак далей. У іх ёсць шанец. Папрацаваць». Старшыня АБСЕ, міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, у звязку з унесенымі папраўкамі сёння заклікаў Лукашэнку не падпісваць дакументаў і спыніць палітычны пераслед. Новаўвядзенні выклікалі таксама рэзкую крытыку з боку шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у ліку якіх «Amnesty International», «Human Rights Watch» і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), якія заклікалі верхнюю палату парламенту адмяніць захады, што значна абмяжуюць свабоду грамадзянаў і ўскладняць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.