Саміт кіраўнікоў краінаў Еўраазіяцкай эканамічнай супольнасці адбыўся ў Маскве. У межах форуму таксама прайшло паседжанне вайсковага саюзу часткі постсавецкай прасторы -- Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы. АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ: "Мы, як і ўсе прысутныя тут чальцы АДКБ, адназначна падтрымалі сённяшні праект рашэнняў, што мы адназначна ўзмацняем вайсковы складнік АДКБ". Але найважнейшае для афіцыйнага Менску ў бягучай унутранай палітыцы -- магчымасць двухбаковай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Бо дагэтуль застаецца неразвязаным пытанне аб балансе імпарту ў нашую краіну бязмытнай расейскай нафты, а нядаўняя сустрэча прэм'ер-міністраў краінаў выніку не дала. КІРЫЛ КОКТЫШ, ПАЛІТОЛАГ: "Расея ўступае ў СГА. Гэта азначае, што беларуская прадукцыя, таксама, як і казахская, можа перастаць быць канкурэнтаздольнаю. Усім зразумела, што гэта павінна неяк быць скампенсавана". Але за апошнія месяцы перамовы зайшлі ў тупік: Беларусь настойвае на 23 млн т нафты, Крэмль прапаноўвае на 3 млн т менш. І сёння не было пакуль паведамленняў пра дасягненне дамоўленасці. Атачэнне расейскага прэзідэнта цягам дня намякала на верагоднасць сустрэчы, з аднаго боку, але і моцную занятасць Пуціна -- з другога.