Першае паседжанне ў гучнай справе былога першага намесніка кіраўніка сталічнага гарвыканкаму прайшло ў Менскім абласным судзе. Абвінавачаны Ігар Васільеў адмовіўся ад сваіх ранейшых паказанняў і не прызнае, што спрабаваў атрымаць хабар 500 000 долараў. Чыноўніка затрымалі ўлетку ва ўласным кабінеце, дзе быў знойдзены партфель з паловаю гэтай сумы. За хабар Васільеў меўся паспрыяць у пабудове смеццеперапрацоўчага заводу пад Менскам. Рэалізацыя інвестыцыйнага праекту чэшскай фірмы была пад пагрозаю праз фінансавыя праблемы ў бізнесоўцаў і бюракратычныя затрымкі ў гарвыканкаме. Паводле ж Васільева, ён не ведаў, што пад выглядам "сувеніру" чэхі перадалі яму грошы, а яўку з павіннаю напісаў у КДБ пад ціскам. Чыноўніку пагражае ад 8 да 15 гадоў зняволення. Заўтра працэс працягнецца. Алесь Залеўскі, "Аб'ектыў"