НА ГОД БЛІЖЭЙ ДА СВАБОДЫ Маскоўскі гарадскі суд, разгледзеўшы наглядную скаргу, змяніў выракі Міхаілу Хадаркоўскаму і Платону Лебедзеву. Тэрмін зняволення для абодвух скарочаны з 13 гадоў да 11. Гэта азначае, што экс-кіраўнік нафтавай кампаніі "Юкас" і сузаснавальнік банку "МЕНАТЕП" маюць выйсці на волю ўжо ў 2014 г. Суд падкрэсліў, што змякчэнне выракаў выкліканае лібералізацыяй заканадаўства. Адлік пакарання ідзе з моманту арышту цяперашніх вязняў у 2003 г. Міхаіл Хадаркоўскі ды Платон Лебедзеў былі асуджаныя пазалетась да 11 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў буйных фінансавых махінацыях. Пазней тэрмін скарацілі на год. Мясцовая апазіцыя і міжнародная праваабарончая супольнасць лічаць выракі палітычна матываванымі ды называюць Хадаркоўскага асабістым ворагам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. ЭРА НАДЗЕІ ДЛЯ КАРЭІ? Замест канца свету новую эру шчаслівых людзей для роднай паўвыспы абяцае дачка забітага дыктатара і новаабраная першая жанчына-прэзідэнтка Паўднёвай Карэі Пхак Кун Хэ. Сярод іншага -- гэта і яшчэ большае падтрыманне братоў з камуністычнай Поўначы, не зважаючы нават на нядаўні запуск Пхеньянам трансатлантычнай ракеты: цяпер Сеул будзе абапірацца не толькі на ўзмоцненую бяспеку, але і на дыпламатыю даверу. У адказ Поўдзень заклікае рэжым Кімаў таксама зрабіць крок насустрач міру і скласці зброю, хаця б ядравую.