Палата прадстаўнікоў пасля Новага года вывучыць пытанне ўжывання ў Беларусі смяротнага пакарання. Абяцае гэта дэпутат Мікалай Самасейка. МІКАЛАЙ САМАСЕЙКА, ДЭПУТАТ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ: "Пытанне пра смяротнае пакаранне актуальнае. Беларускі народ выказаўся пра яго на рэферэндуме, але з часу рэферэндуму прайшло паўтара дзясятка гадоў, і за гэты час сітуацыя змянілася. Нашая група якраз і будзе займацца вывучэннем усіх праблемаў смяротнага пакарання, у тым ліку і стаўлення да іх насельніцтва Рэспублікі Беларусь". Паводле звестак НІСЭПД за скасаванне смяротнай кары выказваецца цяпер каля паловы насельніцтва краіны. Асаблівай актуальнасці пытанню адмены найвышэйшай кары дадала справа аб тэракце ў менскім метро. Смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, які быў выкананы ў сакавіку, ускалыхнуў грамадства. Петыцыю за захаванне жыцця прызнаным вінаватымі ў падрыхтоўцы і здзяйсненні выбуху падпісалі ў інтэрнэце больш за 62 000 чалавек. Аркадзь Несцярэнка, "Аб'ектыў"