Перадкалядная выстава-продаж у Магілёве -- якраз той выпадак, пра які гавораць: вочы разбягаюцца. Аж да 7 студзеня ў выставачным салоне на вуліцы Болдзіна больш за трыццаць рамеснікаў з аб'яднання "Магілёўскія майстры" прэзентуюць свае творы. Арганізатары сапраўды парупіліся пра наведнікаў, каб тыя тут не разгубіліся. СВЯТЛАНА ЦІМАШЭНКА, АБ'ЯДНАННЕ «МАГІЛЁЎСКІЯ МАЙСТРЫ»: "Калі людзі заходзяць адразу ж ва ўсе залы, яны губляюцца, не могуць вызначыць, што ім патрэбна. А так адразу ж падзелена на залу для набыцця і на залу для аглядання". Але наведнікі могуць не толькі паглядзець і набыць. Любы ахвочы можа і павучыцца -- майстры не супраць падзяліцца сваім досведам. Бо ручная праца, на думку рамеснікаў, паступова знікае. МІКАЛАЙ АБДРЫБАШЫТАЎ, РАЗЬБЯР ПА ДРЭВЕ: "Капіравальныя станкі пайшлі, усё гэта можа рабіць машына. А ручная праца... Канечне, машына такога не зробіць. І ўсё менш становіцца вучняў". Таму даволі часта рамяство застаецца сямейнаю традыцыяй, якая перадаецца ад продкаў нашчадкам. Не толькі досведам сваіх бабуляў і прабабуляў можа пахваліцца Ганна Раянкова, але і самімі вырабамі, якім больш за сто гадоў. Іх таксама можна набыць на выставе.