Яго прадракалі безліч разоў, пра яго здымалі навуковыя і не вельмі фільмы, пісалі кнігі і абвяшчалі з трыбунаў -- а ён усё не надыходзіць і не надыходзіць! Абвешчаны на сёння канец свету выняткам не стаў. І дзякуй багам! СЭЛІНА ГУТ'ЕРЭС, ШАМАНКА НАРОДУ МАЯ, ПЕРУ: "Мы звяртаемся да мора, Маці-зямлі, Сонца і нашых продкаў і просім, каб не было больш аніякай бяды, смерцяў, эгаізму, ганьбы, а не канца свету, якога насамрэч не існуе". А таму не дзіва, што чаканне Апакаліпсісу пракацілася сёння па ўсім свеце хваляю радасці: жыць будзем! КАРОЛЬ АРТУР, ГАЛОЎНЫ ДРУІД, СТОЎНГЭНДЖ: "Мы, друіды, верым у тое, што ўсё мае свае цыклы. Адпаведна, канец адной эпохі ёсць пачаткам наступнай. Пра канец свету ж нам вядома толькі тое, што мы самыя і напісалі. А таму мы сапраўдныя гаспадары свайго лёсу -- давайце на гэта і разлічваць!"