Ліквідаваны ўладамі праваабарончы цэнтр "Платформа" адновіць дзейнасць у новай форме. Кіраўніцтва арганізацыі зарэгістравала культурна-асветніцкую ўстанову. АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, СТАРШЫНЯ «PLATFORMA INNOVATION»: "Насамрэч "Платформа Innovation" ёсць правапераемнікам "Платформы" і бярэ на сябе ўсе абавязкі ды задачы, якія несла "Платформа". Гэта і абарона правоў асуджаных, гэта абарона нашых суграмадзянаў ад катавання ў структурах МУС, гэта і маніторынг пенітэнцыярнай сістэмы, і гэтак далей". Кіраўнік навастворанай арганізацыі адзначае, што слова "innovation" у назве з'явілася не выпадкова. Акрамя ранейшых функцыяў установа будзе ініцыяваць прававыя змены ў краіне, а таксама пашырыць кола грамадзянаў, якім плануе аказваць дапамогу.