ПАМЫЛКА КОШТАМ ЖЫЦЦЯ Збілі праз памылку. Такую выснову зрабіла камандаванне войска Паўднёвага Судану, якое ўзяло на сябе адказнасць за атаку верталёта Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. У выніку абстрэлу загінуў увесь экіпаж Мі-8. Улады Паўднёвага Судану апраўдваюцца тым, што ААН не паведаміла пра свой верталёт, які будзе пралятаць над штатам Джунглі. Мі-8 збілі зенітнаю зброяй. Паводле розных звестках, на борце былі ад чатырох да пяці чалавек, усе ахвяры -- грамадзяне Расеі. ААН адразу абвінаваціла паўднёвасуданскую армію, аднак спачатку вайскоўцы зняпраўджвалі закіды і спрабавалі скінуць віну на антыўрадавых паўстанцаў. МОНЦІ СЫХОДЗІЦЬ Прэзідэнт Італіі Джорджа Напалітана прыняў прашэнне аб адстаўцы прэм'ер-міністра краіны. Мар'ё Монці вырашыў пакінуць пасаду пасля прыняцца бюджэту Італіі на наступны год. Неўзабаве рашэнне мае зацвердзіць парламент, пасля чаго ў краіне прызначаць пазачарговыя выбары. Сёння прэзідэнт Італіі сустрэўся з палітычнымі лідарамі, каб абмеркаваць далейшыя дзеянні. Мяркуецца, што галасаванне прызначаць на 24 лютага. Урадавы крызіс Італія перажывае з моманту выхаду партыі папярэдняга прэм'ера, Сільвіё Бэрлюсконі, з парламенцкай большасці. І ўжо цяпер частка каментатараў не выключае варыянту... вяртання 72-гадовага іль Кавальерэ на пасаду кіраўніка ўраду.