Цісканінай у час адкрыцця новых модных крамаў або ў дні гіганцкіх зніжак у сучасным свеце гіперспажывецтва, бадай, ужо нікога не здзівіш. У Беларусь пакупніцкі глабалізм таксама пакрысе прадзіраецца -- зрэшты, з мясцовым каларытам. Напярэдадні Калядаў у Бабруйску адчыніўся новы гіпермаркет "Еўраопт". Натоўп з бабруйцаў і жыхароў наваколля, чакаючы адкрыцця крамы некалькі гадзінаў на марозе, разаграваўся бясплатнаю гарбатаю пад спевы Дзмітрыя Калдуна і групы "Цвет алоэ", а таксама слухаючы духавы аркестр і бубначоў. Калі ж арганізатары пачалІ партыямі запускаць у гіпермаркет першых пакупнікоў, пачалося зусім іншае шоу: паводле аўтара відэа, выкладзенага на "YouTube", у выніку цісканіны на ўваходзе для шасцёх чалавек нават давялося выклікаць хуткую дапамогу.