Каталікі і пратэстанты ўсяго свету святкуюць Раство. Дзень нараджэння Ісуса Хрыста -- другі па значнасці дзень для хрысціянаў, яго адзначаюць каляднай вячэрай, імшой у касцёле, спевамі, падарункамі ды віншаваннямі. ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: "Гэта сямейнае свята. Таму жадаю, каб усе добра адзначылі і ў касцёле, і за сталом сабраліся ўсёй сям'ёй". "Шчасця, удачы, спакою". "Каб людзей ахутвала надзея на самае лепшае, на самае светлае, і каб разам, выхоўваючы любоў у сваіх сэрцах, яны маглі змяніць да лепшага жыццё навокал". "Хрыстос нарадзіўся!" У Беларусі галоўная каталіцкая імша адбылася напярэдадні ў касцёле Панны Марыі. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў усім, што нараджэнне Сына Божага -- знак ягонай міласці да людзей. ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ, МЕТРАПАЛІТ МЕНСКА-МАГІЛЁЎСКІ: "Бог не збавіў чалавека дзесьці звысока, з нябёсаў. Ён прыйшоў да чалавека, ён хацеў быць чалавекам. Ён прыйшоў да нас у абліччы чалавека -- з чалавечым сэрцам і тварам, каб падзяліць чалавечы лёс, каб дапамагчы чалавеку, і потым, на крыжы, яго збавіць". Кандрусевіч павіншаваў не толькі каталікоў і пратэстантаў, а ўсіх хрысціянаў, хто святкуе Раство ці рыхтуецца да яго. Бо розныя календары не азначаюць розныя веры. ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ, МЕТРАПАЛІТ МЕНСКА-МАГІЛЁЎСКІ: "Радасных, вясёлых, шчаслівых святаў Божага нараджэння! І няхай добры Бог, няхай немаўлятка Езус добраславіць усіх нас, нашую Бацькаўшчыну ў наступным новым 2013 годзе. Са святам!"