Пад Новы год абвастраюцца не толькі рэфлексіі пра здзейсненае, але і думкі пра тварэнне дабра. У гэты час павышаную ўвагу з боку чыноўнікаў атрымлівае самая абдзеленая ёю аўдыторыя: дзеці-сіроты і інваліды. Падарункі, канцэрты, сустрэчы, абяцанні паездак і новых уражанняў -- усё з падачы прэзідэнта. Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", якую праводзіць дзяржава, ахоплівае больш за 15 тысячаў дзяцей, выхаванцаў спецыялізаваных установаў ці пацыентаў больніцаў. Да іх прынамсі раз на год прыйдуць чыноўнікі ды прынясуць цукерак. У гэтай справе не грэбуюць улады звяртацца па дапамогу да грамадскасці.