Міністэрства транспарту Беларусі абяцае выправіць праблемы з транспартаваннем расейскіх турыстаў. Напярэдадні стала вядома, што еўрапейскія туры тысячы грамадзянаў нашай усходняй суседкі могуць сарвацца з-за скарачэння колькасці вагонаў у цягніках Масква--Берасце: менавіта з Беларусі планавалі стартаваць у навагоднія аўтобусныя падарожжы расейскія турысты. Даставіць сваіх кліентаў са сталіцы Расеі ў горад над Бугам арганізатары планавалі чыгункаю. 29 снежня меркаваўся выезд 400, а 2 студзеня -- 600 чалавек. Аднак днямі тураператарам паведамілі, што ў цягніку засталося 10 вагонаў, а квіткоў на іншыя ўжо няма. Міністэрства транспарту Беларусі сёння адказала на зварот Расейскага саюзу турыстычнай індустрыі ды паведаміла, што ўжо прымае дадатковыя захады дзеля забеспячэння перавозаў арганізаваных групаў турыстаў. На дапамогу беларускам калегам прыйшла і расейская чыгунка, якая далучыла тры дадатковыя вагоны на маршрут Масква--Берасце. Вольга Саўле, "Аб'ектыў"