Новы год завітаў у кожны куток свету. Дзясяткі мільёнаў жыхароў зямлі выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў, каб прывітаць 2013 год. У Беларусі галоўныя імпрэзы адбыліся ў абласных гарадах. У святочных падзеях узялі ўдзел амаль паўмільёна жыхароў краіны. У сталіцы агульнагарадскія гулянні былі арганізаваныя каля Нацыянальнай бібліятэкі. Усяго да вулічнага святкавання далучыліся амаль сто тысяч менчукоў і гасцей гораду. Як сведчыць Міністэрства ўнутраных справаў, Новы год сустрэлі пераважна спакойна, без грубых парушэнняў парадку. Аднак не абышлося і без сумных фактаў. Паводле інфармацыі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, адзінАццаць асобаў (у тым ліку трое дзяцей) пацярпелі ад няправільнага ўжывання піратэхнікі.