БЛОГ ЯГО ВЕДАЕ Менш за суткі Уладзімір Пуцін быў на топе рэйтынгу самых уплывовых на свеце людзей. Сёння амерыканскі часопіс «Foreign Policy» зняпраўдзіў інфармацыю, быццам назваў расейскага прэзідэнта самым уплывовым палітыкам у 2012 годзе. Ці на чале рэйтынгу стаў хтосьці іншы? Даведаемся з агляду падзеяў замежжа ад Вольгі Кляўчэні. Рэдакцыя «Foreign Policy» ўдакладняе, што апублікаваны рэйтынг уплывовасці не належыць часопісу, а быў змешчаны ў адным з блогаў на інтэрнэт-старонцы выдання і адлюстроўвае прыватнае меркаванне ягонага сталага аўтара -- палітолага Іяна Брэмэра. У гэтым спісе Пуцін заняў другое месца, а вось першае не было прызначанае нікому. Іян Брэмэр у сваім артыкуле зазначыў, што хоць прэзідэнт Расеі і губляе папулярнасць, а сама краіна не мае ранейшага ўплыву, ні адзін з сусветных лідараў не сканцэнтраваў у сваіх руках столькі рэгіянальнай улады, колькі Пуцін.