СУТЫКНЕННІ Ў КАІРЫ Нягледзячы на падпісанае днямі паміж апазіцыяй ды кіроўнаю партыяй Егіпту пагадненне, гвалт у краіне не спыняецца. Рэзідэнцыю прэзідэнта, сыходу якога дамагаецца частка пратэстоўцаў, закідалі кактэйлямі Молатава. У выніку начнога сутыкнення паміж паліцыяй ды дэманстрантамі ў Каіры загінуў прынамсі адзін чалавек і больш як трыццаць атрымалі раненні. Галоўная апазіцыйная кааліцыя Егіпту заклікала да адстаўкі міністра ўнутраных справаў краіны Мэгэмэда Ібрагіма. Прычынаю стала публікацыя відэа, на якім бачна, як паліцыянты збіваюць аголенага мужчыну і цягнуць яго да прэзідэнцкага палацу. Егіпцяне вінавацяць прэзідэнта ў здрадзе ідэалам рэвалюцыі ды патрабуюць змяніць стыль кіравання, каб пазбегнуць далейшага гвалту.