Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці наведалі сёння месцы пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Менску. Роўна 74 гады таму ўначы з 29 на 30 кастрычніка ў сталіцы расстралялі больш за сотню прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Але афіцыйнага дня ўшанавання іхнай памяці у Беларусі дагэтуль не прызначылі. ЗМІЦЕР БУТЭНКА, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ: "Дзень мусіць адзначацца на дзяржаўным узроўні, каб памяць жыла ў сэрцах нашых людзей, каб не забывалі таго, што тут было ў Беларусі. Памятаць гэтую заўжды ў сваім сэрцы несці і ў будучыні не паўтараць памылак". ГАННА ШАПУЦЬКА, ГРАМАДСКАЯ АКТЫВІСТКА: "У Цівалі расстраляныя чыгуначнікі, якія адмовіліся перавозіць людзей да месца расстрэлаў. У Лошыцы месцілася школа НКВД, дзе карнікі не проста расстрэльвалі людзей, але і трэнаваліся ў катаванні вязняў". Акрамя гэтых мясцінаў неабыякавыя наведалі таксама Кальварыйскія могілкі, парк Чэлюскінцаў ды Трасцянец. Скончыліся сённяшнія жалобныя ўрачыстасці агульнаю малітваю ды ўскладаннем кветак ў Курапатах, дзе пахаваная найбольшая колькасць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Заўтра туды мае рушыць традыцыйнае шэсце. Яно пачнецца аб 11-й гадзіне ад заводу "Прамень", побач са станцыяй метро "Парк Чэлюскінцаў". Сяргей Марчык, "Аб'ектыў"