Сталкеры Свабоды -- новая праграма Радыё Свабода. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё боскае прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы -- земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў -- усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору. Штотыдзень па панядзелках на нашым сайце -- Сталкеры Свабоды. Алена Селях -- адзіная ў Беларусі гадавальніца ваўкоў і арганізатарка сустрэчаў турыстаў зь імі. Яна жыве з мужам і трыма дзецьмі ў Браславе. Уся сям'я амаль цэлы год купаецца ў возеры, дзеці адмалку ходзяць басанож, харчуюцца пераважна тым, што вырошчваюць у сваім агародзе, зьбіраюць у лесе і на балотах, ловяць у азёрах. У прыроды яны вучацца і шчырасьці адносінаў між усімі жывымі істотамі, зь якіх ваўкі, па перакананьні спадарыні Алены, самыя чулыя на ласку і любоў. Асірацелых ваўчанят, маці якіх забіваюць паляўнічыя, яна з сямейнікамі адшуквае ў лесе і гадуе. А потым паказвае гасьцям, на якую сілу ўдзячных пачуцьцяў здольныя яе ікластыя сябры. Жыцьцё з ваўкамі -- асабістая тэрыторыя свабоды ўнікальнай сям'і Селяхаў. Радыё Свабода www.svaboda.org