Аляксандр Лукашэнка сёння раздаваў дзяржаўныя ўзнагароды. Сярод палітры новых лаўрэатаў асаблівую ўвагу прыцягнулі ўзнагароджанні сілавікоў. Паводле Лукашэнкі, частку з іх адзначылі за непасрэдную датычнасць да раскрыцця тэракту ў менскім метро. Кіраўніка дзяржавы не збянтэжыла, што сама справа працягвае разглядацца ў судзе. З юрыдычнага пункту гледжання віна абвінавачаных Канавалава і Кавалёва яшчэ не даказаная. Ані ў выбуху ў метро, ані ў шэрагу іншых выбухаў, у тым ліку падчас святкавання Дня незалежнасці ў 2008 г. Міжтым сёння на судовым паседжанні ў справе меркаваных тэрарыстаў былі агучаныя новыя падрабязнасці. У судзе зачыталі паказанні эксперта ў галіне бяспекі Руслана Юрчанкі. Ён мяркуе, што выбухоўку ў 2008 г. зрабілі прафесіяналы, якія валодаюць ведамі ў сферы баявых рэчываў. Адзначым, што абвінавачаны Канавалаў токар з адукацыі. Другі абвінавачаны Кавалёў мае толькі сярэднюю адукацыю. Аркадзь Несцярэнка, «Аб'ектыў»