Памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ушанавалі ўчора па ўсёй краіне. Акцыі памяці продкаў прайшлі ў Горадні, Магілёве і Воршы. У Гомлі на месцы колішніх масавых расстрэлаў мясцовыя грамадскія актывісты талакою адзначылі Дзяды. Гэта першы драўляны крыж, усталяваны ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на пачатку 1990-х пад Гомлем сіламі грамадскасці. Тут, на 9-м кіламетры Чарнігаўскай шашы, на месцы былых масавых расстрэлаў, мясцовыя грамадскія актывісты талакою прыбіралі могілкі, фарбавалі крыжы ды ўскладалі жывыя кветкі. КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ: «Тут направа і налева ад Чарнігаўскай шашы ёсць магілы людзей, якія не ўшанаваныя нічым. Тут тысячы людзей ляжаць. Гэта напамін, што тыя падзеі не мусяць паўтарацца, якія былі тут за савецкім часам, -- з 1918 да 1958 года, калі быць дакладным». Паводле ацэнак гісторыкаў, у гэтым месцы ў 1930-я гг. былі расстраляныя ад некалькіх соцень да некалькіх тысячаў так званых ворагаў народу. Аркадзь Несцярэнка, «Аб'ектыў»