Два выбуховыя прыстасаванні -- тое, што спрацавала ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 г., і тое, што не спрацавала, -- рабілі розныя людзі. Такое меркаванне агучыў сёння ў Вярхоўным судзе эксперт-крыміналіст Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Сцяпан Клімовіч. СЦЯПАН КЛІМОВІЧ, ЭКСПЕРТ-КРЫМІНАЛІСТ МУС: «Я прытрымліваюся меркавання, што выбуховае прыстасаванне, якое абясшкодзілі, і тое, якое спрацавала, відаць, вырабленыя рознымі асобамі. Абодва выглядаюць як зробленыя настаўнікам і вучнем. Усё ляжыць, адзін паказвае, другі паўтарае». Эксперт-крыміналіст абгрунтаваў сваё меркаванне: -- адну выбухоўку зрабілі акуратна. Другую -- паспешліва і нядбайна; -- розняцца спосабы пайкі і скруткі правадоў; -- гайкі складзеныя па-рознаму і ў паперу рознага тыпу. Адвакат абвінавачанага ў здзяйсненні тэракту Канавалава падкрэсліў, што падчас следчага эксперыменту ягоны падабаронны не здолеў паўтарыць канструкцыю нібыта зробленага ім у 2008 г. выбуховага прыстасавання. Учора ж у судзе паводле справы тэрактаў у Віцебску і Менску прагучалі паказанні эксперта ў галіне бяспекі Руслана Юрчанкі -- гэтую выбухоўку зрабілі прафесіяналы ў сферы баявых рэчываў. Падсудны ж Канавалаў з адукацыі -- токар, Кавалёў -- пасля сярэдняй школы не навучаўся. Юлія Цяльпук, «Аб'ектыў»