“Хто агент КГБ – хто не агент КГБ?.. Ці ўсе - агенты КГБ?..” – адна з ледзьве ўжо не “вечных” тэм нашага хуткаплыннага жыцця, напісаў паэт і былы кандыдат у прэзідэнты ў Фэйсбуку.
Адносіны да сексотаў, да агентаў спецслужбаў заўсёды былі ў грамадстве пагардлівымі, непрыязнымі. Настолькі непрыязнымі, што аднойчы М. К. Мураўёву (не генералу Мураўёву, які на службе цару вешаў у 1863 годзе беларускіх ды польскіх паўстанцаў, а адвакату Мураўёву, які ў 1917 годзе ⎯ пасля Лютаўскай рэвалюцыі ⎯ быў прызначаны старшынём камісіі Часовага ўраду і дапытваў царскіх міністраў) удалося выйграць ⎯ яшчэ да рэвалюцыі ⎯ загадзя пройгрышны працэс.
Судзілі рабочых, якія забілі фабрыканта. Пракурор давёў суду іх бясспрэчную віну. Прысяжныя ўжо гатовыя былі вынесці вердыкт: “Вінаватыя!” Але сведчыў супраць рабочых на судзе тайны агент царскай “ахранкі”. Зразумела, ён не прызнаваўся ў тым, кім ён ёсць, і адвакат спытаў: “Скажыце, сведка, чым вы займаецеся?”
Далей стэнаграма суда, якую, між іншым (падрабляючы ў камісіі Часовага ўраду) рэдагаваў Аляксандр Блок.
“Сведка маўчыць. Пракурор з абурэннем махае рукамі.
СТАРШЫНЯ СУДА звяртаецца да сведкі.
⎯ Сведка, вы можаце на гэтае пытанне не адказваць.
СВЕДКА. Дазвольце мне на гэтае пытанне не адказваць.
МУРАЎЁЎ. У мяне ёсць яшчэ пытанне да сведкі. Скажыце, сведка, чаму вы не хочаце адказваць на першае пытанне? Можа быць, вам сорамна праз тое, чым вы займаецеся?
Рух. Шум у зале. Старшыня звоніць у званочак, сярдзіта кідае сведку:
⎯ Можаце на гэтае пытанне не адказваць!
СВЕДКА. Дазвольце мне на гэтае пытанне не адказваць.
МУРАЎЕЎ. Болей у мяне пытанняў няма”.
Прысяжныя апраўдалі падсудных АДНАГАЛОСНА.
Некалі ⎯ рана ці позна ⎯ на судзе над лукашызмам давядзецца адказваць на нязручныя пытанні і сённяшнім “сведкам”.
Уладзімір Някляеў