Прымайце навагоднія віншаванні: гаворыць пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Віншаванні пісьменніка падае «Наша Ніва».
Дарагія сябры й суайчыннікі!
Найперш хачу звярнуцца да тых, хто не зможа сустрэцца за навагоднім столом з роднымі і блізкімі. Хачу, каб мае словы даляцелі да Алеся Бяляцкага і Міколы Статкевіча, да Змітра Дашкевіча і Паўла Севярынца, да ўсіх, хто цяпер у зняволенні за свае перакананні. Дай Бог вам мужнасці, мудрасці і хуткага вяртання на волю. Зычу, як казалі продкі, каб дзеўка кахала, куля мінала і шабля не брала!
Мая незабыўная бабуля Аўгіння на Новы год заўсёды жадала дзецям і ўнукам, каб былі здаровыя, як ільды калядовыя. Але для кожнага з нас і для ўсёй нацыі не менш за цялеснае здароўе важна здароўе душы, тое, што Францішак Скарына называў «бронямі духоўнымі».
Зычу, каб у новым годе вы бераглі ў сваіх душах, у сем’ях, у сяброўскім коле нашу мову. Бо мова бароніць межы дзяржавы і яе незалежнасць стакроць мацней, чым памежнікі і цэлыя арміі. Давайце зробім 2013-ты годам беларускай мовы! Няхай кожны сам вырашае, што ён здольны зрабіць дзеля будучыні мовы, а значыць і дзеля заўтрашняга дня краіны. А найлепей — проста загаварыць па-беларуску. Можна пачаць у навагоднюю ноч.
Моцная нацыя немагчымая без жывой гістарычнай памяці. Зычу ўсім нам у 2013-м годна адзначыць 150-годдзе паўстання Кастуся Каліноўскага. З’яўленне ў ХХ стагоддзі незалежнай Беларусі аплачанае і крывёю тых, хто тады ўзяў у рукі зброю, кінуўшы выклік Расейскай імперыі.
Краіна пасталела яшчэ на год. Яна не зусім такая, а дакладней, зусім не такая, якой уяўлялася нам на пачатку 1990-х. Аднак яна — ёсць, і гэта напаўняе сэрца спадзяваннямі.
Сябар беларусаў Вацлаў Гавел казаў, што канфігурацыя дэмакратычнай Еўропы набудзе завершанасць толькі ў той момант, калі ў яе ўвойдзе Беларусь. Я ўпэўнены, што ў ХХІ стагоддзі словы Гаўла стануць яваю. Зычу вам, каб у новым годзе мы зрабілі крокі менавіта на гэтым шляху.
Беларусы — еўрапейцы не проста геаграграфічна, але і ментальна, культурна. У нас еўрапейская гісторыя, якая абавязкова стане мастом у еўрапейскую будучыню, калі на навагоднія святы мы без усякіх візаў і памежных чэргаў зможам паехаць у Вільню, Прагу або Стакгольм.
Нядаўна на сустрэчы з чытачамі прапраўнук паўстанца 1863 года падараваў мне фамільную рэліквію — вось гэтую шкляначку свайго продка-каліноўца.
Сёння я вып’ю з яе за тое, каб у нас заўсёды была свая краіна — Беларусь і каб мы ў ёй адчувалі сябе гаспадарамі.
Слава — Айчыне, сэрца — жанчыне, гонар — нікому!
З Новым годам!