7 красавіка 1983 году пайшла з жыцьця Ларыса Геніюш.
Яна нарадзілася 9 жніўня 1910 году ў маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласьці Гарадзенскага павету (цяпер Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласьці) у шматдзетнай сям’і заможнага селяніна-земляўласьніка. Вучылася ў польскай школе, у 1928 годзе скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У гэты час Ларыса Геніюш пачала знаёміцца з сусьветнай літаратурай і пісаць уласныя вершы.
З 1937 года яна жыла ў Празе.
Першыя свае вершы паэтка апублікавала ў бэрлінскай газэце беларускіх эмігрантаў «Раніца» ў 1939 годзе. А праз тры гады пабачыў сьвет першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў», напоўнены настальгіяй і роздумамі пра лёс пакінутай Радзімы.
Калі Чырвоная Армія ў 1939 годзе ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, бацьку Ларысы Антона Міклашэвіча расстралялі, а маці і дзьвюх сясьцёр выслалі ў Казахстан. У сакавіку 1943 году, паводле ўказу прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі, Ларыса Геніюш прызначаецца Генэральным сакратаром Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Захоўвае і парадкуе архіў БНР, апякуецца беларускімі эмігрантамі, палітычнымі ўцекачамі і ваеннапалоннымі. Найбольш каштоўную частку архіву яна пераправіла ў недасягальнае для ворганаў НКУС і МДБ месца. Пазьней савецкія карныя ворганы будуць катаваць паэтку, каб атрымаць зьвесткі пра гэты архіў.
5 сакавіка 1948 году МДБ CCCР арыштоўваюць Ларысу Геніюш і яе мужа Янку Геніюша. Абое знаходзяцца ў турмах Чэхаславакіі і Украіны, а з кастрычніка 1948 году - ў турме Менску. Тут паэтку дапытвае сам міністар дзяржбясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава.
7 лютага 1949 году Ларысу і Янку Геніюшаў асуджаюць на 25 гадоў кожнага. Пакараньне паэтка адбывае ў лягерох Комі АССР
Пасьля вызваленьня Ларыса пасялілася на мужавай радзіме ў Зэльве. Усё астатняе жыцьцё яны абодва пражылі з адзнакай у пашпарце «без грамадзянства». 27 гадоў зэльвенскага жыцьця паэткі прайшлі пад наглядам КДБ.
Яе творчасць была пад забаронай — як у савецкай Беларусі, так і сёньня.
Разьвітаньне ў Зэльве з апальнай паэткай сталася нечуванай па тым часе дэманстрацыяй беларускай еднасьці. Тысячы людзей праводзілі сваю знакамітую суайчыньніцу ў апошні шлях.
Пра гэта «Радыё Свабода» распавядае фотажурналіст Зьдзіслаў Сіцька (на фота ўверсе), які зафіксаваў для гісторыі пахаваньне ў Зэльве.
«Я сапраўды магу пахваліцца, што меў гонар бываць у зэльвенскай хаце Геніюшаў, маю аўтографы на кнігах. Але словы «мае баранавіцкія сябры» — гэта пра іншых маіх землякоў. Кажучы так, Ларыса Антонаўна мела на ўвазе двух Пётраў — Рашэтніка і Саўчука. Абодва Пётры шмат зрабілі для сям’і Геніюшаў, яны былі разам зь Янкам Геніюшам у лягеры. Менавіта Пётра Саўчук, баранавіцкі фармацэўт, пазнаёміў мяне ды іншых сваіх сяброў з Ларысай Антонаўнай. Я працаваў тады ў рэдакцыі баранавіцкай газэты «Знамя коммунизма», вучыўся завочна на факультэце журналістыкі ў БДУ і нават быў намерыўся напісаць курсавую работу паводле творчасьці Ларысы Геніюш. Я хацеў у сваёй рабоце параўнаць верш «Зубры» Ларысы Антонаўны з паэмай «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Нам было пра што зь ёю пагаварыць, бо яе зацікавіла мая задумка. Праўда, пасьля майго другога гасьцяваньня ў Геніюшаў галоўны рэдактар прапанаваў мне пакаяцца і напісаць, пра што мы гаварылі з Ларысай Антонаўнай. Рэдактар хацеў кампрамату, і мне давялося звольніцца. Пасьля я толькі некалькі разоў наведваў гасьцінны дом Геніюшаў, прыяжджаў і на пахаваньне Янкі Геніюша», - узгадвае журналіст.
Зьдзіслаў Сіцька адзначыў, што адмыслова фатаграфаваў здалёк, каб не прыцягваць увагі і паказаць, колькі людзей сабралося на пахаваньне паэткі.
«Да мяне ніхто не падыходзіў. Я фатаграфаваў здаля, каб была бачная вялікая колькасьць людзей. Жалобная працэсія расьцягнулася амаль на кілямэтар. Наперадзе ішлі дзеці. За імі мужчыны несьлі труну. Несьлі, зьмяняючыся, да самых могілак. На могілках мужчыны неяк асабліва высока ўзьнялі труну па-над зямлёй. А ўдалечыні — Зэльва і навакольныя лясы. А Ларыса Антонаўна — нібы ўжо ў небе... Я не заўважыў, каб нехта некага спыняў ці папярэджваў. Не памятаю, каб былі там міліцыянты. Праўда, потым мне Ўладзімер Арлоў прызнаўся, што мяне спачатку прынялі за чалавека з канторы... Я больш стараўся ўхапіць цікавыя моманты, каб жалобная ўрачыстасьць была дакумэнтальна засьведчана. Мне ня важныя былі асобныя абліччы, мне важна было паказаць, колькі людзей ішло ў працэсіі», - кажа Збдзіслаў Сіцька.
Ён патлумачыў, чаму разьвітацца з Ларысай Геніюш прыйшлі так шмат людзей.
«Тлумачэньне тут адно — і ў савецкім мястэчку жылі людзі. А людзі ў любым выпадку паводзяць сябе па-людзку. У нас ад дзядоў-прадзедаў вядзецца такі звычай — у лепшы сьвет правесьці крэўнага сваяка ці аднавяскоўца. Сям’ю Геніюшаў у Зэльве вельмі паважалі. Шмат хто з зэльвенцаў быў удзячны Янку Геніюшу, бо ён быў вельмі добрым лекарам. І Ларысу Антонаўну паважалі, ганарыліся, што ў Зэльве жыве такая паэтка. А чаго ім было баяцца? Яны ж праводзілі сваю зямлячку», - сказаў ён.
На пахаваньні Ларысы Геніюш прысутнічаў і прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, які распавёў пра тое, колькі людзей было на разьвітаньні
«Я думаю — тысячы, бо працэсія цягнулася з Зэльвы да самых могілак, а гэта даволі далёка. Людзкая плынь была густая, шырокая. Я помню, як аглядаўся ўвесь час, і мяне ўжо тады зьдзіўляла, што столькі людзей выйшла — практычна ўся Зэльва. Чым можна вытлумачыць такую масавасьць? Я не сумняваюся, што прычына ў тым, што Ларыса Геніюш была апальнай беларускай паэткай. Людзі добра ведалі, што яна — persona non grata ў сябе на радзіме. Людзі не маглі выказаць да яе сваіх пачуцьцяў, сваіх адносінаў, хоць яна жыла побач зь імі. А вось правесьці ў апошні шлях чалавека, якога шануеш, — гэта іншая справа. І людзі зрабілі гэта — уся Зэльва выйшла. Гэта была праява здаровага народнага духу», - распавёў ён.