Зміцер Бандарэнка ўзгадвае пра Юрася Бушлякова.
«Я пазнаёміўся з Юрасём Бушляковым яшчэ падчас працы на «Радыё 101,2» ў 1996 годзе. Гэта быў не вельмі эмацыйны чалавек, але ён прыцягваў да сябе ўвагу сваёй інтылегентнасцю і звышдасканалай беларускай мовай. Бушлякоў быў чалавекам мовы, чалавекам «тарашкевiцы». На «Радыё 101,2» ён працаваў вядучым, вёў шэраг праграм і чытаў навіны. Памятаю, як да нас прыязджаў адзін з кіраўнікоў рускай службы Deutsche Welle, з якой супрацоўнічала наша радыё. Ён паслухаў Юрася Бушлякова ў эфіры і сказаў, што ў гэтага чалавека можна павучыцца, як у ўзорнага дыктара заходняга ўзроўню.
Мне пашчаслівілася пачуць голас Юрася Бушлякова некалькі разоў і падчас майго знаходжання ў калоніі. Я быў рады таму, што ён працуе на «Радыё Свабода».
Часам даводзіцца чуць ад розных варвараў пра вясковасць беларускай мовы. Пры гэтым я заўсёды ўнутрана ўсміхаюся, таму што ўзгадваю Юрася Бушлякова. Гэты чалавек, можна сказаць, знаходзіўся ў моўным космасе, і адтуль праз яго ішла новая энэргія для нашай мовы.
Заўчасная смерць часта забірае самых лепшых. Я ведаю, што Юрась Бушлякоў пры ўсёй сваёй стрыманасці вельмі перажываў з-за сітуацыі ў Беларусі, з-за таго, што наша мова праз варварскую ўладу знаходзіцца ў цяжкім стане.
Хачу выказаць самые шчырае спачуванне яго родным і блізкім. Малюся, каб Бог узяў яго ў сваё Валадарства», - распавёў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка у інтэрв'ю сайту charter97.org.
Нагадаем, Юрась Бушлякоў учора памёр ад працяглай хваробы.
Легендарны журналіст нарадзіўся 29 траўня 1973 года. Пасля заканчэння школы з залатым медалём у Менску вучыўся на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў з чырвоным дыпломам.
У 2003 годзе абараніў дысертацыю на тэму «Моватворчая практыка Янкі Станкевіча». Выкладаў у БДУ, у нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Менску, у Карлавым універсітэце (Прага). Журналістыкай займаўся з 1994 года, працаваў у незалежных СМІ.