Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Будзе бiтва

04.12.2014 политика
Будзе бiтва

Перспектывы Беларусi ў трэцяй сусветнай вайне.

Калі 30 лістапада 2013 года ў Кіеве брутальна збілі пратэстоўцаў, я, як і многія, падумаў пра беларускі варыянт «19». 19 снежня 2010 года ў Мінску адбылася экстраардынарная падзея. Шмат хто хацеў дэманстрацыю, мітынг і наступны разгон знівіляваць, кшталту «ізноў разагналі», «усё як заўжды» і д.п. Але і ў Кіеве ў 2013-м, і ў Мінску ў 2010-м упершыню адбылася не міліцэйская, а карная аперацыя. То бок, задача была не разагнаць пратэстоўцаў, а сагнаць у адзін гурт, і правучыць – збіць па поўнай праграме.

У Кіеве на пачатку пратэстоўцаў было няшмат, а вось у Мінску паляванне на людзей адбывалася і пасля ўласна разгону: хапалі на прыпынках грамадскага транспарту нават далёка ад месца мітынгу, напрыклад, ля станцыі метро «Няміга».

– Ну чаму ўкраінцы вышлі на наступны дзень, а беларусы не? – ледзь не з адчаем у голасе пытаўся мой прыяцель.

У Мінску пайшлі на плошчу Незалежнасці – выйшлі і на наступны дзень. Але ў той час па офісах і кватэрах актывістаў ужо ішлі ператрусы, сотні людзей былі за кратамі, некаторыя ў зняволенні знаходзяцца дагэтуль.

– А вось выйшлі б у Мінску дзясяткі тысяч!.. – працягвае прыяцель.

– І што – пытаюся, – думаеш, не пачалі б страляць? Ці трэба было праверыць?

Каб якая-кольвек рэвалюцыя перамагла, патрэбны не толькі рашучы народ, гатовы рызыкаваць сваім здароўем, і які мае сотню-дзве адчайных, гатовых рызыкаваць нават сваім жыццём. Патрэбныя свае людзі і сярод сілавікоў, і сярод бізнесу, і сярод чыноўнікаў розных узроўняў. Бо «народ» – гэта ўсе разам.

У Беларусі акурат большасць выступаў была пратэстамі годнасці, а ва Украіне да годнасці дадаўся такі важны чыннік як сацыяльны пратэст. Увогуле, пры ўсім гістарычным і вонкавым падабенстве, Беларусь і Украіна вельмі адрозныя: які параметар не вазьмі.

– Гэта ўсё фігня! Вось яны – так, а ў нас – як заўжды.

– Там ад канца СССР заўсёды было больш свабоды, аўтарытарызм быў толькі рэгіянальны, бо там...

– Бардкак! Так, там балаган заўжды, – пацвярджае прыяцель. – І што? Чаму мы не ўзняліся?!

– У нас не было і няма такіх скрайнасцяў, калі міліцыя сама адкрыта гвалтуе ці крышуе гвалтаўнікаў. Калі цэлымі абласцямі кіруюць крымінальныя групоўкі, такой карупцыі, калі за элементарныя рэчы трэба плаціць на лапу.

Праз тыдзень пасля пачатку Майдана, я праўдамі і няпраўдамі ехаў у Кіеў. Праўдай – гэта ў аўтобусе, арэндаваным трыма дэмакратычнымі арганізацыямі. За Мінскам аўтобус спынілі, доўга трымалі ў начы пасярод сцюдзёнага заснежанага поля.

А няпраўдамі: тыя ж самыя міліцыянты, што трымалі аўтобус, пасля многіх падсаджвалі на папуткі, каб можна было дабрацца да Гомеля (салідарнасць!). А адтуль да Кіева – зусім побач.

У Кіеве на Майдане я перажыў адчуванне, прататып якога калісьці даўно ў 1996-м быў у мяне ў Мінску. Гэта радасць адзінадумства, салідарнасці і яднання.

Самаарганізацыя – вось галоўны ўкраінскі урок, які можа быць патрэбны не толькі беларусам.

Візуальнае адрозненне ўсіх беларускіх і ўкраінскіх пратэстаў у тым, што беларусы ўвесь час цёгаліся тады-сюды па галоўным праспекце ці прылеглых вуліцах. А ўкраінцы ставалі крэпасцю, перыметар якой імкнуліся пашырыць.

Гаворачы пра перамогу Майдана, не я першы ўжыў слова «цуд». Гэтае слова я пачуў ад аднаго з удзельнікаў кіеўскага пратэсту. Ад разгрому Майдан выратавалі некалькі дзясяткаў чалавек, якія як спартанцы стаялі да апошняга ў адну вырашальную ноч, некалькі вырашальных гадзін.

- Хаця, ведаеш, Севярын, проста з таго боку не асабліва і хацелі разганяць, там жа такія самыя ўкраінцы былі, - патлумачыў украінскі сябар.

Тым больш падаецца праўдзівай інфармацыя пра тое, што расстрэл дэманстрантаў ладзілі завезеныя з суседняй краіны спецслужбы.

Відаць, як і большасць, я спачатку думаў, што Майдан разгоняць. Пасля – што сам разыйдзецца, пасля – што зноў разгоняць, толькі крывава. І нават калі пайшла з зямлі Нябесная сотня, калі б сказалі, што Расія пачне вайну, ніхто б не паверыў.

Нядаўна глядзеў інтэрвію з амерыканскім сенатарам Джонам Маккейнам, які прынцыпова і паслядоўна выступае за вайсковую дапамогу Украіне. Журналістка пытаецца, маўляў, а вы не баіцеся, што правакуеце Пуціна, і той пачне вайну? А Маккейна адказвае: Пуцін ужо пачаў вайну, няўжо вы не бачыце? Журналістка не адказала, але выраз твару ў яе быў разгублены.

Ад самага пачатку Майдана да сённяшніх дзён большасць грамадстваў планеты не гатовая прыняць факт: свет змяніўся і ніколі не будзе папярэднім. Будзе бітва. Бітва светаглядаў. Магчыма, вайна.

Пра магчымасць сусветнай вайны гавораць практычна ўсе мае знаёмыя. Але ніхто не наважваецца напісаць пра Беларусь у кантэксце гэтай магчымай вайны. Не таму што баяцца, а таму, што нічога не зразумела. Хто, што, як, за каго?

Я бачыў дзве скрайнасці ў стаўленні да ўкраінскай драмы: што вы столькі ўвагі надаеце – гэта іх справы, трэба думаць пра Беларусь. Альбо: што мы тут сядзім соплі жуем – трэба дзейнічаць!

Насамрэч, у Кіеве на адносна невялікай плошчы цэнтра гораду трэснуй ледавік пад назвай «Расійская імперыя». Студэнты, якіх сабраў фэйсбук на Майдане, нібы тая вавёрка з «Ледавіковага перыяду», што дастала жолуд з ільда, і па кантыненце пайшла вялікая трэшчына.

І тут ужо не важна, чаму ў Беларусі было так, а ва Украіне гэтак. Ад Балтыкі да басейну Чорнага мора, ад Польшчы да расійска-кітайскай мяжы замарожаная пасля распаду СССР сітуацыя пачала змяняцца. І бакоў тут дэ-факта два: ці ты за расійскую імперыю, ці за вольны свет.

Думаючы пра тое як будзе ў Беларусі, я маю перад вачыма ўяўную лінію ад Эстоніі да Грузіі, і разумею, што толькі разам ва ўсіх народаў па гэтай лініі штосьці можа быць добра, чытай – вольна.

Ці Беларусь – самае слабое звяно ў гэтым ланцугу? Я не ведаю, мы самі сябе не ведаем. Толькі чамусьці ўсё часцей я чытаю ў расійскай прэсе загалоўкі кшталту «Расія можа згубіць Беларусь», бачу навіны пра розныя нацыятворчыя ініцыятывы, якія сыходзяць не з традыцыйных «апазіцыйных» асяродкаў, а з боку дзяржавы і бізнеса.

Магчыма, гэта крыху запозненая рэакцыя на пагрозы, якія раней выглядалі смешнаватымі. Абарончая рэакцыя ад прыходу чужакоў.

Якім бы ты не быў прарасейскім тут у Беларусі, для прыхадняў ты заўжды застанешся ненадзейным, патэнцыйным здраднікам. Як гэта адбылося з вайсковымі і міліцыянтамі ў Крыме, якія перайшлі на бок акупанта. «Здрадзіў сваім – чаму наступны раз не здрадзіш нам?»

У сусветным супрацьстаянні ў Беларусі перспектыва простая: ты за адных ці за іншых?

Прыяцелю свайму хачу сказаць, каб не перажываў, што беларусы не праявіліся так ярка, як украінцы. Наперадзе вялікая работа па спарадкаванні нашай часткі свету.

Севярын Квяткоўскі, «Белорусский журнал»


Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]