Усім вядомы швайцарскі гарналыжнік зноў учыніў недарэчны скандал. Не там, вядома. А ў зоне самадурства, у якую ягонымі намаганнямі ператворана даўно дзяржава Беларусь.
Стары, апрабаваны не аднойчы ход. Чарговае дзікунства адбываецца ў яго адсутнасць. Вернецца і будзе ўсім даводзіць, што ён ні ў чым не вінаваты. Паехаў на заслужаны высакагорны адпачынак. А неразумная чэлядзь, пакінутая без нагляду, крыху перастаралася.
А па сутнасці, нічога новага не адбылося. Як заўсёды, паквапіліся на чужое. Нават і не ў Мінску. У ціхім і рахманым Івянцы. Убачылі неблагі дамок. І здзівіліся страшэнна, што да гэтага часу ён належыць вертыкалі. Непарадак!
Далей – старая схема. Міліцэйскае ачапленне. Штурмавая група ўрываецца ў памяшканне.
Упаўнаважаныя апісваюць маёмасць.Прыводзяць і садзяць там свайго чалавека – кіраваць. Проста незабыўны семнаццаты год. Толькі на Іслачы не хапае хіба што пераможнага залпу “Аўроры”.
Нічога не зробіш – бальшавікі. Той жа генетычны код. Прыроду не перайначыць. Колькі воўка заходнімі крэдытамі ні кармі, а ён усё на чужую ўласнасць паглядае. Але гэтым разам памылачка выйшла. Вертыкальныя чырвонагвардзейцы ў рэвалюцыйным памкненні не звярнулі ўвагі на сціплую шыльдачку каля ўваходу. А там два словы: “DOM POLSKI”. У выніку адбылося тое, чаго рэжым тутэйшы нават зразумець не можа. Высветлілася раптам, што людзей, якія мелі хоць нейкае дачыненне да гэтага дому, ёсць каму абараняць. Польшча – не РБ. Яна насамрэч клапоціцца не толькі пра ўласных грамадзян. Але апякуецца яшчэ і тымі суайчыннікамі, якія грамадзянства маюць іншае. Дзе б у свеце яны не жылі.
Польскія палітыкі рашуча выказаліся наконт вар’яцкай акцыі ў Івянцы. Нагадалі, што дом, узяты ў аблогу, збудаваны на сродкі падаткаплацельшчыкаў Польшчы. У адпаведнасці з афіцыйнымі дамоўленасцямі з урадам Беларусі. І далі зразумець, што будуць садзейнічаць яшчэ і спыненню фінансавай дапамогі рэжыму з боку Еўразвязу. Амбасадар быў неадкладна адкліканы ў Варшаву для кансультацый. Сігнал сур’ёзны. Ледзь пачаўшы змаганне на дыпламатычным фронце, рэжым панёс істотныя страты.
Не выключана, што пазней будзе спроба неяк усё ўлагодзіць. Зноў пачнуць сарамліва мармытаць: іх не так зразумелі. Палякаў яны не чапалі. Змагаліся з грамадзянымі ўласнымі. Паклянуцца ў добрасуседскіх пачуццях. Як заўсёды ў падобных варунках, узгадаюць Міцкевіча і Касцюшку. Паабяцаюць развязаць івянецкі вузел. З цягам часу.
А ўвогуле, што ў гэтым учынку такога ўжо незвычайнага? Хіба не гэтак жа рашуча выкінулі калісьці з Дома літаратараў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Разам з іх унікальнай бібліятэкай, партрэтамі класікаў і фотаздымкамі пісьменнікаў-франтавікоў. А як заўзята выштурхнулі з дапамогай міліцыі Беларускі ліцэй імя Якуба Коласа. Пісьменнікі і ліцэісты фактычна сышлі ў падполле. Затое Дом літаратара – цяпер уласнасць улады. А ў памяшканні ліцэя, нібы ў насмешку, уладкаваўся суд.
Гэта дэманстрацыя дыктатарскага нахабства адбылася перад вачыма ўсяго цывілізаванага свету. І нічога. Ніхто нават увагі не звярнуў на тыя дробязныя падзеі. Як кажуць, вашы праблемы.
Пераслед нацыянальных меншасцяў з якімі б там ні было мэтамі – гэта дзікунства. Змаганне ўлады з Саюзам палякам доўжыцца даўно. І цяпер нічога новага не адбылося. Чарговы эпізод адной кампаніі. Па меры набліжэння прэзідэнцкіх выбараў можна чакаць і не тое. Нягледзячы на ўсе абяцанні, якія яны, магчыма, зараз дадуць. Дыктатура ніколі не пагодзіцца на існаванне грамадскіх арганізацый, якімі яна не можа кіраваць непасрэдна. Сапраўды, дыпламаты рэжыму не хлусяць – тут брутальныя дзеянні ўлады скіраваныя не супраць палякаў. А супраць непакорлівых палякаў. І яны ў тым жа стане, што і адпаведныя беларусы. Закон існавання ва ўмовах таталітарызму просты. Сядзі пад венікам і не спакушай лёс. А калі падаў голас, ды яшчэ, крый Божа, сказаў “гонар маю!” – усё, канец. Знішчаць. Прыдушаць. Вырвуць з коранем. Незалежна ад таго, паляк ты ці беларус. Або хтосьці іншы. Тут дакладная нагода для пераследу – узнялі галаву. Страшэнная па мясцовых маштабах крамола.
Не, беларуска-польскай дыпламатычнай вайны не будзе. Рэжым рана ці позна сарамліва адступіць на зыходныя пазіцыі. І не выключана, дасць нават нейкія гарантыі. Якім грош цана.
А Саюз палякаў будзе пачуваць сябе ў Беларусі спакойна і ўтульна. Як толькі тут пераможа дэмакратыя. І ні днём, ні хвілінай раней.
Як там калісьці казалі нашы продкі, змагаючыся з дэспатыяй? “За нашу і вашу свабоду!”
Ці не зарана мы гэта забылі, панове?