У панядзелак-аўторак Уладзімір Някляеў разам з іншымі беларускімі палітыкамі знаходзіўся ў Брусэлі, калі там здарылася некалькі тэрактаў.
Някляеў пакінуў у сваім «Фэйсбуку» наступны допіс:
«Брусэль. 22 сакавіка 2016 года.
Тэрарыстычныя акты ў аэрапорце і ў метро.
А палове на дзевятую раніцы я выйшаў з гатэлю Derbi, што на Avenue de Tervueren у Брусэлі.
Сеў у метро на станцыі Merode і паехаў у Еўрапарламент на паседжанне рабочай групы па Беларусі.
Выйшаў на станцыі Maalbek.
Падняўся па лесвіцы – і за спінай выбухнула.
Жанчына з касой села не ў мой – у наступны цягнік…
Але гэтак яно склалася для мяне. Амаль для сарака чалавек – інакш.
Вечная памяць ім і спачуванні іх родным і блізкім, жывым…»