Дэмакратычная апазыцыя рыхтуецца адзначыць 98-я ўгодкі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Упершыню за многія гады Дзень Волі мае адбыцца ў цэнтры Менску.
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвяртаецца да ўсіх беларусаў з нагоды Дня Волі:
«Дарагія суродзічы,
98 гадоў таму — ранічкай 25 сакавіка 1918-га — на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зьняможаны вайной беларускі народ заявіў, што „ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай“.
Сёньня Беларусь жыве!
Жыве, дзякуючы рашучасьці нашых продкаў у 1918-м годзе, але таксама дзякуючы жыцьцяздольнасьці кожнага з нас!
Дваццатае стагодзьдзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзьве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу — высылкі, расстрэды, дыктатуры, выгнаньне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуцьцё годнасьці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!
Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не зьнеахвоціліся.
Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што надыходзяць цяжкія часы, і нам трэба іх перажыць.
Сёньня, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацьверджаньне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі — калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасьць, зьдзейсьніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя наш край незалежны — але ўсё яшчэ не свабодны.
Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш кай далучыцца да сям’і заможных і паважаных эўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.
Жадаю вам сёньня мужнасьці і вытрываласьці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Сакавік 2016».