У жаночых спаборніцтвах золата здабыў беларускі дуэт Юлія Бічык і Таццяна Кухта.
Беларускія спартоўкі здабылі два медалі на чэмпіянаце Еўропы ў акадэмічным веславанні, які прайшоў у нямецкім Брандэнбургу.
У спаборніцтвах жаночых двоек парных золата здабыў беларускі дуэт Юлія Бічык/Таццяна Кухта, які пераадолеў класічную дыстанцыю 2 км за 8 хвілін 25,910 секунды. Срэбра дасталася нямецкаму экіпажу Юлія Лір/Марэйке Адамс (8.28,300), бронза ў актыве чэшскага дуэта Крысціна Флейшнерава/Ленка Антосава (8.31,940).
У мужчынскіх спаборніцтвах беларускі экіпаж чацвёркі двухлопасцевай без стырнавога (Вадзім Лялін, Дзяніс Мігаль, Мікалай Шарлап, Ігар Пашэвіч) стаў срэбным прызёрам (6 хвілін 20,910 секунды). Золата ў экіпажа з Вялікай Брытаніі (6.18,930), бронза дасталася французскаму квартэту (6.21,550).
Двухразовая алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн, якая 2 чэрвеня адзначыць сваё 44-годдзе, выступала ў жаночых адзіночных спаборніцтвах і заняла 4-е месца (9 хвілін 46,080 секунды). Пасля 500 метраў яна ішла другой, аднак затым здала пазіцыі. Золата тут дасталася Магдалене Лобніг з Аўстрыі (9 хвілін 22,320 секунды), срэбра ў Эльзы Гулбэ з Латвіі (9.39,100), бронза ў Саніты Пуспурэ з Ірландыі (9.44,770), паведамляе tut.by.
Усяго было разыграна 17 камплектаў узнагарод, беларусы выступалі ў 10 класах лодак. У медальным заліку нацыянальная каманда Беларусі (1 золата, 1 серабро) заняла 5-е месца. Наперадзе Вялікая Брытанія (4, 2, 1), Нямеччына (3, 6, 1), Харватыя (2, 0, 0) і Галандыя (1, 1, 2). Усяго медалі здабылі спартоўцы 23 краін.