Смяротнае пакаранне - тое ж самае забойства, ягоная прырода не змяняецца ад таго, што яно здзейсненае ад імя дзяржавы і на падставе прысуду суда.
Шчыра прызнаюся, хацеў напісаць да вас іншы зварот, з просьбай аб літасці да чатырох грамадзянаў нашай краіны, якія былі прыгавораныя судамі да смяротнага пакарання за здейсненыя імі асабліва цяжкія злачынствы. Ведаю, што практыка сведчыць аб тым, што вы нікому не даруеце. Але ўсё адно я хацеў яшчэ раз звярнуцца да вас асабіста з адзінай просьбай – не забіваць іх. Хацеў скарыстаць апошні шанец… Нядаўні расстрэл крыху змяніў мае планы, і такі зварот я пісаць не буду, бо, падобна, гэта проста бессэнсоўна. Але тым не менш.
Гэта была далёка не першая смяротная кара, якая адбываецца ў краіне і, напэўна, не апошняя. Але я асабіста не магу да гэтага прызвычаіцца. Гэтых людзей забіваюць ад імя Рэспублікі Беларусь, значыць і ад майго імя, ад імя кожнага грамадзяніна нашай краіны.
Вядома, вы можаце спытаць, а ці бачыў я маці ахвяраў гэтых забойцаў і ці бачыў я матэрыялы справы, ад якіх стыне кроў у жылах? Скажу шчыра – не, не бачыў. Але я бачыў мацярок расстраляных, якія ў напаўвар'яцкім стане шныраць па навакольных менскіх могілках у пошуках безыменных магілак сваіх сыноў. Яны ніколі не знойдуць іх. Я бачыў гэтую карціну шмат разоў, яна паўтараецца кожны раз. І гэта яшчэ раз пераконвае мяне: смяротнае пакаранне - тое ж самае забойства, ягоная прырода не змяняецца ад таго, што яно здзейсненае ад імя дзяржавы і на падставе прысуду суда.
Вы скажаце, што такім чынам аднаўляеце справядлівасць. Забіць забойцу - значыць аднавіць справядлівасць? Не, гэта значыць здзейсніць яшчэ адно забойства. Сам акт выканання смяротнага прысуду лічыцца належнай кампенсацыяй сем’ям ахвяраў. Астатняе больш нікога не хвалюе, людзі і надалей застаюцца сам насам са сваёй бядой і горам ад страты блізкіх. Іх гора не змяншаецца ад таго, што забойца іх блізкіх таксама забіты. Можа хіба пачуццё помсты задавольваецца такім чынам - не ведаю. Ніхто ў нас гэтае пытанне не даследваў і не вывучаў. Але ці раўназначныя ў дадзеным выпадку помста і справядлівасць? Для помсты не патрэбныя суды, не патрэбная дзяржава як інстытут.
Мне вось чыста па-чалавечы заўсёды было цікава: чаму для вас так важна захаванне такога віда пакарання? Што вы адчуваеце, калі адмаўляеце чалавеку ў памілаванні, калі асабіста адпраўляеце чалавека на смерць? Вы ж, Аляксандр Рыгоравіч, таксама чалавек. Не Бог і нават не Сатана, а проста чалавек. Чалавек, які надзелены ўладай і правам дараваць жыццё ці не дараваць. Напэўна гэта цяжкі выбар? Я б ніколі не хацеў рабіць такі выбар і, спадзяюся, ніколі не буду.
Часам вас паказваюць па ТВ у храме, вы там моліцеся, нешта прамаўляеце. Вы верыце ў Бога?
Дзве найбуйнейшыя хрысціянскія канфесіі Беларусі выступаюць супраць смяротнага пакарання. Калі вы вернік, то напэўна ж верыце ў жыццё пасля смерці, у рай і пекла? І вам не страшна?
Я не вернік і ў царкву не хаджу, але я веру ў гуманізм, чалавечы разум і ў тое, што любоў нарэшце выратуе гэты свет. І яшчэ я ведаю, што смяротнае пакаранне абсалютна не ўплывае на ўзровень злачыннасці ў краіне. На гэта ўплываюць іншыя чыннікі - нізкі ўзровень жыцця, алкагалізацыя народу, напрыклад. Не верыце - спытайце ў нашых навукоўцаў-крыміналістаў, ды хаця б з кафедры крымінальнага права юрфака БДУ.
Так, гэтыя людзі здзейснілі жахлівыя злачынствы, яны адабралі жыцці ў ні ў чым не вінаватых такіх самых людзей, якія таксама хацелі жыць і, верагодна, таксама прасілі аб літасці. Гэтыя злачынцы таксама стаялі перад выбарам – дараваць ці не, забіць ці не. Яны памылкова лічылі, што надзеленыя такім правам – вырашаць, каму жыць, а каму не. А шмат хто з іх нічога не думаў у гэты момант, бо быў банальна п’яны ці ў псіхічна ўзрушаным стане ад магчымасці хуткай нажывы ці рэўнасці, шмат хто меў пэўныя адхіленні ў псіхіцы. Такія людзі, безумоўна, заслугоўваюць жорсткага пакарання і ізаляцыі ад грамадства, магчыма, на ўсё жыццё. Я зусім не бараню іх, адзінае што я прашу – больш не забіваць людзей.
А можа прычына ў тым, што адмену смяротнага пакарання не падтрымлівае большасць насельніцтва краіны? Гэта турбуе вас? Ведаеце, большасць насельніцтва краіны шмат чаго не падтрымлівае, скажу я вам па сакрэце. Вашыя ідэі аб зборы з “дармаедаў” і падвышэнні пенсійнага ўзросту, да прыкладу, таксама мала каму да спадобы. Смяротнае пакаранне далёка не ў прыярытэтах інтарэсаў большасці нашых грамадзянаў, праўда. Некаторыя з іх нават не ведаюць, што яно існуе і практыкуецца. Але я ведаю і вы ведаеце. Можа хопіць ужо?
Без спадзяванняў на ваш адказ,
Валянцін Стэфановіч,
сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна”,
актывіст кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Валянцін Стэфановіч, Праваабарончы цэнтр «Вясна»