Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Стала вядомая траса «Дарогі смерці» — ад «Амерыканкі» да ямаў у Курапатах

09.06.2016 общество
Стала вядомая траса «Дарогі смерці» — ад «Амерыканкі» да ямаў у Курапатах

У выніку даследаванняў сябрам грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», урэшце стала вядомая ўся траса мінскай «Дарогі смерці».

Гэты шлях пакутаў і смутку бязвінных ахвяраў сталінізму на пагібель у 1930—1940-я гады пралягаў па цэнтральнай вуліцы беларускай сталіцы Савецкай да Камароўкі, ішоў па Лагойскай шашы, затым па полю паміж Курапатамі і сённяшнім «Экспабелам», рабіў левы паварот на шашу Заслаўе — Калодзішчы і, урэшце, яшчэ раз паварочваў налева, каб завершыцца ў старым глухім хваёвым бары на паўночна-усходнім ускрайку Мінска.

Пра гэта сябры ініцыятывы паведамілі 7 чэрвеня ў Мінску на круглым стале «Новыя знаходкі ды іхны ўплыў на канцэпцыю мемарыялізацыі Курапатаў і юрыдычны статус помніка», у якім бралі ўдзел больш за 30 сябраў аргкамітэту і журы адкрытага грамадскага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял».

Вызначэнне трасы «Дарогі смерці» адбылося ў выніку аналізу фактаў і сведчанняў — адкрытых пісьмовых, вусных і выяўленчых крыніцаў, у тым ліку навуковых справаздачаў, мапаў і планаў розных гадоў, успамінаў сведкаў, а таксама агляду мясцовасці і вывучэння асаблівасцяў яе рэльефу, глебы і расліннасці.

Вялікай падзякі заслугоўваюць першаадкрывальнікі Курапатаў — Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў, Мікола Крывальцэвіч і Алег Іоў — аўтары зборніку «Курапаты» (Мінск, Тэхналогія, 1994), журналіст Яўген Гарэлік, які разам з Георгіем Тарнаўскім і Валерам Собалевым напісаў кнігу «Куропаты: следствие продолжается» (Москва, Юридическая литература, 1990), аўтары зборніку «Курапаты» (Архіў найноўшай гісторыі пры грамадскім аб’яднанні «Дыярыуш», Мінск, 2002), архітэктары Таццяна Косьціч і Вольга Кукуня, якія ўпершыню ўвялі ў навуковы абарот трасу той часткі «Дарогі смерці», што ішла на ўсход ад Курапатаў, а таксама архітэктары Вадзім Гліннік і Раман Забэла, якія на аснове пісьмовых і картаграфічных матэрыялаў склалі гістарычна-архітэктурны апорны план урочышча.

Дзякуючы руплівасці гэтых людзей беларускае грамадства сёння мае надзейнае навукова абгрунтаванае апірышча, што дазваляе працягнуць даследаванне асобных праблемаў мінулага Курапатаў.

Падзяка і ўсім актывістам нашай ініцыятывы, у першую чаргу географу Аляксею Галічу і грамадскаму актывісту Алесю Макаву, якія ахвяравалі часам і высілкамі дзеля высвятлення трасы апошняга невядомага грамадскасці ўчастку «Дарогі смерці» — ад шашы Заслаўе-Калодзішчы да самай высокай кропкі ўрочышча, вышыня якой складае амаль 235 метраў.

«А дарога ў лесе выкатана, як асфальт…»

Мы мелі дзве рабочыя версіі трасы гэтага ўчастку ад Заслаўскай шашы. Першая — наўпрост праз лес у паўднёва-усходнім накірунку. Аднак супастаўленне названага маршруту з нямецкім аэрафотаздымкам Курапатаў 23 чэрвеня 1941 году прымусіла адмовіцца ад гэтай версіі. Тым больш, што стала вядома — дарога праз лясны масіў у паўднёва-усходнім накірунку была пракладзена толькі пасля вайны, верагодней за ўсё, падчас ўзвядзення ЛЭП. І таму на трафейным здымку адсутнічаюць як траса гэтай дарогі, так і паварот на яе з боку Заслаўскай шашы.

Другая версія не выклікае пярэчанняў, бо пацвярджаецца іншымі крыніцамі. Як сведчыць нямецкі здымак, на пачатку 1940-х гадоў з боку Заслаўскай шашы толькі адна дарога вяла ў Брод. Менавіта так на той час называўся густы лясны масіў, што, паводле заключэння спецыялістаў, адноўлены пасля вайны на месцы старога лесу, які быў паступова высечаны ў 1941-1945 гадах.

Апошні ўчастак «Дарогі смерці» пачынаецца левым паваротам пад кутом каля 30 градусаў ад Заслаўскай шашы ў паўднёва-заходнім накірунку. Ад месца павароту да перакрыжавання ліні паўднёвай мяжы рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» з трасай Заслаўе-Калодзішчы — 193-195 метраў . Агульная працягласць гэтага ўчастку «Дарогі смерці» складае 485 метраў (тры адрэзкі ў 125, 160 і 200 метраў). Прычым, праз 125 метраў ад пачатку грунтоўка паварочвала налева і ішла па трасе дзейнай зараз лясной дарогі да Курапацкай гары.

Паводле ўспамінаў Дар’і Ігнатаўны Тоўсцік з Цны-Ёдкава 1911 г.н., дарога ў лесе была выкатаная, як асфальт. І гэта не дзіўна, бо калі, як сведчыць Вольга Цімафееўна Бароўская з Цны,1927 г.н., першыя расстрэлы на Бродзе пачаліся ў 1932 годзе і мелі эпізадычны характар, дык з 1937 году сталі масавымі і адбываліся штодзень. Спачатку тройчы ў дзень, а потым безупынна людзей вазілі на забойства, што здзяйсняліся да першых дзён германа-савецкай вайны, Прычым, Мікалай Іванавіч Пацяршук з Цны, 1929 г.н. і ягоны зямляк Уладзімер Канстанцінавіч Бацян, 1928 г.н. узгадвалі выпадкі, калі ў Брод адразу прывозілі ахвяраў на пяці грузавіках — крытых аўтазаках і адкрытых машынах з высокімі бартамі.

Як сведчыў інспектар па аўтатранспарту НКВД БССР Язэп Язэпавіч Бетанаў, 1915 г.н., на вясну 1936 году ў аўтапарку камендатуры НКВД, які месціўся на тэрыторыі «Амерыканкі», налічвалася каля 60 грузавікоў, у тым ліку два «аўтазакі» шэрага мышынага колеру, што ў народзе атрымалі трапную назву «чорны варанок». Для транспарціроўкі ахвяраў на расстрэл выкарыстоўвалі і астатнія аўто — грузавікі рознага танажу з высокімі бартамі. Прычым у «чорны варанок», разлічаны на пяць арыштантаў, упіхвалі па 15-20 чалавек. Дарэчы, як сцвярджае В.Ц.Бароўская, на Бродзе парою трашчала, як смажаны гарох на патэльні. Не выключана, што апроч адзіночных стрэлаў, жанчына чула і чэргі.

Трэба ўлічваць, што жыхары Цны-Ёдкава добра ведалі пра расстрэлы, бо шмат чаго чулі і бачылі. Не было шуму кальцавой, прыкладна па яе трасе ў той час праходзіла грунтоўка — Баравая дарога, што злучала дзве вёскі — Цну і Зялёны Луг. А на Баравой дарозе было ціха. Вось чаму ў Цне было добра чуваць усё, што адбывалася на гары ў Бродзе, асабліва ноччу. Катаў выдаваў гул машын, якія пры з’ездзе з Заслаўскай шашы ў лес некалькі разоў паварочвалі налева і святло фараў грузавікоў падала ў вокны тых хатаў, што стаялі на горцы з паўднёва-усходняга краю Цны-Ёдкава (з успамінаў жыхара вёскі Івана Антонавіча Церлюкевіча, 1930 г.н.).

Плот і вароты

У другой палове 1937-га хваёвы бор на ўзгорку агарадзілі плотам. Таму было шмат прычынаў. Мелі месца ўцёкі людзей з-пад расстрэлу. Прычым, паводле словаў Марыі Рыгораўны Пацяршук з Цны, 1911 г.н., некаторыя ўцекачы выратоўваліся. Пра гэта Яўген Гарэлік піша: «Пра такія шчаслівыя ўцёкі з-пад расстрэлу ўзгадвалі шматлікія сведкі».

Таццяна Вікенцеўна Матусевіч з вёскі Зялёны Луг, 1906 г.н. сведчыла пра выпадак, калі ляснік Кароль Канановіч наткнуўся на засыпаную яму з забітымі, утыканую хвойкамі, а побач знайшоў забытую сялянскую торбачку з кілбасой і хлебам. Пасля таго, як ляснік прыбег у саўгасную кантору і пачаў тэлефанаваць у міліцыю ці ў пракуратуру, да яго прыехалі з НКВД і параілі менш прыглядацца, калі хоча жыць. Усе гэта, а таксама масавы характар забойстваў і чуткі па Мінску, што пад горадам каля Цны расстрэльваюць «ворагаў народа», прымусілі катаў ставіць драўляны плот.

Урэшце загарадзілі хваёвы бор на ўзгорку, як тое замчышча. Не ад чужынцаў, а ад свайго народа. А ягонымі ворагамі назвалі лепшых — самых працавітых, адукаваных і таленавітых. Непафарбаваны плот на слупах з дошак усутыч вышынёю каля трох метраў. Менавіта ўсутыч, бо ў плоце ўнакладку малаверагодныя шчыліны між дошкамі. А амаль усе сведкі казалі пра гэтыя шчыліны. Наверсе плоту не было калючага дроту, а каля агароджы — назіральных вышак. Пад час расстрэлаў за плотам бывала брахалі сабакі. Загарадку ахоўвалі энкавэдзісты ў форме. Дзяжурылі яны кругласуткава, днём — па 2-3 чалавекі.

Паводле сведчання Церлюкевіча, у драўлянай будцы для ахоўнікаў, што месцілася недалёка ад варотаў на ўзгорку, на сцяне вісела абмундзіроўка супрацоўніка НКВД, стаялі стол і лаўка. На стале — пачаты пачак папіросаў «Эпоха» тытунёвай фабрыкі з расейскага Растова-на-Доне. Каля папіросаў няцяжка ўявіць бутэльку водкі, кілбасу і бохан хлеба. Бо гэтыя тавары ахоўнікі часцяком куплялі ў мясцовай краме. Пры гэтым скардзіліся прадаўцу, што ім цяжка працаваць, апавёў Мікалай Антонавіч Няхайчык, 1930 г.н. І пасля «кипучей чекистской работы», каты, як звычайна, выпівалі, бо ўдзельнікам «операций» абавязкова выдавалі спірт. Як сведчылі самі энкавэдысты, вячэры з выпіўкамі адбываліся ў сталоўцы НКВД. Вось чаму амаль заўжды каты былі «пад мухай».

Ці быў роў каля плоту? Толькі адна сведка (В.Ц.Бароўская) узгадвае яго, і то — знутры плоту. А той роўчык, што ідзе на поўдзень ад Лаўкі Клінтана, па дадзеных Алеся Макава і па меркаванню светлай памяці Вацлава Адольфавіча Нямковіча, ёсць сляды (капаня) ад межаў лясных уладанняў, на якія ў свой час быў падзелены Брод.

Як узгадвае В.Ц.Бароўская, з боку Заслаўскай шашы ў плоце былі вялікія двустворкавыя вароты. Вельмі простыя — без стрэшкі і гзымсаў, з вертыкальных дошак вышынёй пад тры метры, збітых цвікамі з слупамі, а таксама з гарызантальнымі ці дыяганальнымі жэрдкамі. Вароты канструктыўна нічым не адрознівалася ад плоту. Адчыняліся звонку, а не ўсярэдзіну. Зачыняліся знадворку на клямку, што накладалася на прабой, куды ўстаўляўся вісячы замок, а таксама знутры — на кручок ці штабу. Дзірку ўнізе паміж зямлёй і варотамі закладалі дошкай. У 20-30 метрах ад варотаў знаходзіліся першыя западзіны. Дарэчы, тэрыторыя каля варотаў была прысыпана свежым жоўценькім пясочкам, што, мажліва, бралі з кар’еру, які месціўся недалёка. Пасля вайны ў гэтым кар’еры энкавэдзісты зрабілі стралковы цір.

На жаль, дакладна вызначыць межы плоту і месца варотаў пакуль не ўдалося. Ёсць рабочыя версіі і вядомыя некалькі момантаў. Па-першае, плотам была агароджаная частка Броду, што знаходзіўся між шашой Заслаўе-Калодзішчы і Баравой дарогай. Па-другое, з захаду агароджа стаяла на самым краю лесу, а перад ёю расло толькі кустоўе і малады падлесак (В.Ц.Бароўская). Па-трэцяе, менавіта ў гэтым дробналессі і стаялі вароты (І.А. Церлюкевіч).

Даследаванні тэрыторыі Курапатаў будуць працягнутыя. Да іх мяркуецца далучыць сведкаў, археолагаў, архітэктараў, геадэзістаў, мовазнаўцаў, культуролагаў і гісторыкаў. Гаворка ідзе пра вывучэнне мікратапанімікі наваколля, далейшы аналіз адкрытых крыніцаў, апытанне сведкаў падзеяў у навакольных вёсках, археалагічныя і геадэзічныя даследаванні ляснога масіву.

Для сябраў аргкамітэту і журы грамадскага конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў і на лепшы мастацкі твор па тэматыцы сталінскіх рэпрэсій запланавана экскурсія ва ўрочышча, а таксама талака з працягам пошуку нявызначаных аб’ектаў, з пазначэннем пачатку асобных адрэзкаў «Дарогі смерці», у тым ліку ад МКАДу і ад шашы Заслаўе-Калодзішчы. На гэтую талаку мяркуецца запрасіць і ўдзельнікаў конкурсу, каб яны ўсвядомілі сітуацыю ў Курапатах і зрабілі для сябе адпаведныя высновы і замалёўкі.

Імёны

Каб гісторыя Курапатаў ажыла, яна павінна напоўніцца імёнамі, лёсамі і вобразамі ахвяраў. У гэтым накірунку трэба зрабіць шмат, бо на сёння нам дакладна вядомыя імёны толькі двух расстраляных ва ўрочышчы. Гэта габрэі Мардыхай Шулескес (ці Мардахай Шулькес) і Мойша Іяхеевіч (ці Моўша Іасеевіч) Крамер. У іх 10 чэрвеня 1940 году ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.

Збіраюцца матэрыялы для ўзнаўлення лёсаў і вобразаў гэтых мужчынаў, а таксама Сільвестра Мацкевіча — пчаляра з вёскі Скібічы Драгічынскага раёна на Берасцейшчыне, 18 верасня 1909 году народзінаў, якога расстрэльвалі ў Курапатах, але не забілі.

Разам з тым, уважлівае знаёмства з адкрытымі крыніцамі дазваляе ўвесці ў абарот імёны яшчэ дзвух курапацкіх ахвяраў – мужа і жонкі Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх з Цны-Ёдкава (“Праведнікі і вырадкі з аднае вёскі: ахвяры і каты Курапатаў”).

Імёны Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх упершыню агучыў адкрывальнік Курапатаў — гэтага знаку бяды беларусаў Зянон Пазьняк у сваім артыкуле «Шумяць над магілай сосны…» («Літаратура і мастацтва», 16 верасня 1988). Шматлікія сведкі пацвердзілі: супрацоўнік НКВД, жыхар Цны Рыгор Бацян адкрыта пахваляўся, што ён сам забіваў Жукоўскіх на Бродзе.

Аднак апроч вырадку Грышкі Бацяна жылі ў Цне і сапраўдныя людзі. Зянон Пазьняк апавядае пра аднаго з іх — старшыню сельсавета, а потым калгаса Цімоха Васілевіча Бацяна. Гэты прыстойны чалавек ніколі не зрабіў подласць — не выдаў і не прадаў аніводнага земляка. А калі забралі любімага настаўніка мясцовай дзятвы Арсеня Паўлавіча Грушу, Цімох Бацян не зачыняў дзвярэй сваёй хаты перад няшчаснай жонкай арыштаванага, таксама настаўніцай Вольгай Іванаўнай, і падтрымаў адзінокую кабету ў бядзе.

У адказ на адмову старшыні сельсавета выдаваць энкавэдзістам «ворагаў народа», Цімоха Бацяна ноччу схапілі і павезлі ў Брод. І калі на краю ямы прыставілі наган да горла і пад страхам смерці патрабавілі назваць імёны тых, хто павінен пайсці за плот, мужчына закрычаў «У мяне няма ворагаў!». Дзякуй Богу, каты не забілі Цімоха Бацяна, відаць таму, што не хапіла фармальнасцяў…

Так што гісторыя Курапатаў мае не толькі ката Грышку Бацяна, ягоных ахвяраў Сцяпана і Соф’ю Жукоўскіх, але і праведніка Цімоха Бацяна.

Быць можа адгукнецца дачка Сцяпана і Соф’і Жукоўскіх, мінчанка Галіна Сцяпанаўна Жукоўская (па мужу Сідзякіна, 1924 году нараджэння), альбо яе дзеці, каб дапамагчы ўзнавіць вобразы сваіх дзядулі і бабулі.

Звяртаюся да тых жыхароў Беларусі, хто ведае пра сваякоў ці знаёмых, забітых у Курапатах. Звяжыцеся з нашай ініцыятывай праз [email protected]

Прашу адгукнуцца былых вучняў Мінскай сярэдняй школы № 171 Алеся Макрушына і Віктара Пятровіча, якія 1 траўня 1988 году ў Курапатах разам з муляром Ігарам Бага (на жаль. ужо сышоў у лепшы свет) капалі зямлянку ў магільнай западзіне і знайшлі парэшткі дзесяткаў ахвяраў.

Можа яшчэ жывыя сведкі расстрэлаў у Курапатах, ці іхныя сваякі? Дарэчы, следства выявіла больш за 220 сведкаў трагічных падзеяў на Бродзе.

Прашу суайчыннікаў падзяліцца любымі звесткамі, што могуць дапамагчы высветліць раней невядомыя старонкі з гісторыі Курапатаў.

Запрашаю творцаў розных пакаленняў да ўдзелу ў грамадскім конкурсе «Курапаты – народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты – да пакаяння» у наступных намінацыях: архітэктурна-ландшафтны праект, скульптура, жывапіс, графіка, арт-аб’ект, фатаграфіка, відэаінсталяцыя, музыка, літаратура, тэатр і кіно. Больш падрабязна з палажэннем і ўмовамі конкурсу можна пазнаёміцца на сайце.

Грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» працягне працу па пошуку імёнаў тых, хто не па сваёй волі ляжыць на курапацкіх пагорках. Бо толькі мы — жывыя можам адваяваць у бяспамяцтва імёны гэтых людзей і вярнуць іх Бацькаўшчыне, за любоў да якой і былі забітыя лепшыя сыны і дачкі нашага народа.

Марат Гаравы, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]