Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дыпламатыя мёртвых сезонаў

12.06.2010 политика
Дыпламатыя мёртвых сезонаў

Прыкметная падзея адбылася ў жыцці вышэйшай улады. У пэўным сэнсе чарговы прарыў.

Навукоўцы адной з постсавецкіх краін выказалі шчырае захапленне асабістымі дасягненнямі кіраўніка беларускай дзяржавы. У Бакінскім славянскім універсітэце адбыліся адпаведныя ўрачыстасці. З уручэннем дыплома ганаровага доктара і мантыі. Цяжка нават зразумець, чаму гэткай значнай падзее не аддалі належнае нашы журналісты.

Даўно вядома: беларусам зайздросцяць усе. А таму і не дзіўна, што адразу ўспыхнулі спрэчкі паміж прафесурай Оксфарда і Кембрыджа наконт таго, якія канкрэтна дасягненні чыноўнага госця так высока ацаніла бакінскае навуковае славянства. Адны кажуць, нібыта за гістарычнае адкрыццё піцерскіх адрасоў першадрукара Скарыны. А іншыя цвердзяць, што за фундаментальнае даследаванне паэзіі Быкава. Спрэчкі пустыя, увагі не вартыя. Сутнасць падзеі не ў тым.

Зразумела, што мантыя і доктарскі дыплом – гэта найперш рэальны вынік руплівай працы беларускай дыпламатыі. Ці не адзіны ў яе шматгадовай нястомнай дзейнасці на азербайджанскім накірунку. А таму пакідаць гэткі здабытак па-за кадрам ніяк не выпадае.

Выступаючы ў гасцінным Баку са словам удзячнасці, ганаровы доктар зноў узгадаў пра сваё, набалелае: “Мы категорически против того, чтобы кто-то кого-то наклонял, толкал в спину”. У параметры ўрачыстасці турэмна-расійская лексіка ўпісвалася не надта, але ж якімі іншымі словамі можна было перадаць слухачам тую трывогу, якая апошнім часм так апанавала ўвесь наш істэблішмент. Колішнія расійскія сябры і партнёры паводзяць сябе зусім нетактоўна. Цынічна заганяюць у кут. Не даюць таннай нафты. І яшчэ пагражаюць катастрафічнай цаной на газ.

А вось з багатым на нафту і шчодрым на кампліменты Азербайджанам, па словах усё таго ж высокага госця, “блестящие отношения”. А таму ледзь не з пустымі вёдрамі шукальнікі шчасця паспяшаліся ў Баку. Па нафту – танную, даўно і прагна жаданую. Гасціннасць гаспадароў абнадзейвала. Здавалася, да поспеху, да паўнавартаснага прарыву рукой падаць. Аднак ў канчатковым выніку – толькі той суцяшальны дыплом і мантыя. А тара пад нафту так і засталася пустой і бліскучай, як і стасункі з новаспечаным братам Ільхамам. І шмат з якімі іншымі братамі, шчодрымі на словы і абяцанні.

І ўсё ж Усход вабіць. Там можна знайсці аднадумцаў. Гэткіх жа пакрыўджаных незгаворлівай Амерыкай ды сквапным Еўразвязам. А таму беларуская дыпламатыя не стамляецца пракладваць караванныя шляхі да краін-ізгояў. У свой час поўны самалёт чынавенства набівалася, каб ляцець у Багдад. Саддам здаваўся ці не самым братнім з усіх братоў. Нібы не ведалі, якія на ягоным рахунку злачынствы. Але ж саўковая спакуса аб’яднаць усіх пакрыўджаных была мацнейшаю за ўсе развагі і перасцярогі. Скончылася ўсё ганьбай і затоенай злосцю на тых, хто так груба і нетактоўна парушыў ідылію.

Прыкладна тое ж было ў свой час і з Мілошавічам. З тымі ж наступствамі. Але сумавалі нядоўга. Нястомныя дыпламаты адшукалі новых аднадумцаў – Кадафі, Ахмадзінеджада. Нейкія малазразумелыя і нават дзіўныя стасункі пачалі раптам узнікаць з султанатам Аман, які нават між усходнімі дэспатыямі лічыцца занадта артадаксальным. Аднак рэжым тутэйшы ў нястомным пошуку сяброў надзвычай непатрабавальны. Вось і яшчэ адзін дыпламатычны прарыў намеціўся на тым жа ўсходнім даляглядзе. З візітам да нас збіраецца Башар Асад. А за ім і Ліван ужо напагатове. Добрая збіраецца кампанія. Толькі стварыць надзейны інтэрнацыянал нашаму неўтаймаванаму рэжыму пакуль не ўдаецца. Столькі намаганняў, столькі крыку, а ў святой гэтай справе ўсё той жа мёртвы сезон.

І ўвогуле, у беларускай дыпламатыі нялёгкі лёс. Гэтыя мёртвыя сезоны неадчэпна пераследуюць яе. Толькі-толькі недзе крышачку зрушыцца, пасвятлее, а тут зноў абвал. І ўвесь час даводзіцца расчышчаць тыя завалы. А дакладней, з упартасцю прыбіральшчыцы падціраць за рэжымам сляды яго натхнёнай дзейнасці. Чаго толькі варты той незабыўны драздоўскі канфлікт, калі адзінаабраны раптам зразумеў, што жыць паблізу ад замежных дыпламатаў яму ніяк не выпадае. Тэрмінова была прыдумана бездакорная версія – прарыў каналізацыі. Пачалося аварыйнае высяленне з небяспечнай зоны ўсіх, акрамя аднаго.

Нялёгкая гэта была місія – патлумачыць заходнім амбасадарам, чаму тут сантэхнічныя катастрофы такія пераборлівыя. Не церпяць іншаземцаў. І пакорліва трапечуць перад тутэйшымі. Асабліва калі тыя пры высокіх пасадах.

А потым мёртвыя сезоны з той ці іншай краінай пачалі паўтарацца з неверагоднай паслядоўнасцю. І выпрацавалі ў мясцовай дыпламатыі непахісную веру ў тое, што свет, асабліва заходні, поўны ворагаў і нядобразычліўцаў. А сябры толькі там, дзе нас яшчэ ніхто не ведае.

Сапсаваць рэпутацыю краіны проста. А вось аднавіць яе, пераканаць хаця б суседзяў, што варта нарэшце заплюшчыць вочы на ўсе тыя дзікунствы, якімі на працягу шаснаццаці гадоў гэты кіруючы рэжым здзіўляў свет, будзе вельмі цяжка. Праходзіць усё, пройдзе і гэта. Але спадчына застанецца. Цяжкая і змрочная. Небяспечная. Як міннае поле пасля вайны.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]