Сьвяткаваньні 25-ай гадавіны Незалежнасьці Беларусі распачнуцца конкурсам «Купальскія чытаньні».
Народны Паэт Бэларусі Янка Купала – гэта той паэт і адначасна грамадзка-палітычны лідар, безь якога немагчыма ўявіць Беларусь. Ня будзе вялікім перабольшаньнем сказаць, што без Купалы не было б і Беларусі. Ягоная нацыянальна-рэвалюцыйная лірыка, драматургія і публіцыстыка – гэта тое, што стагодзьдзе таму сьцьвердзіла беларусаў у сьвеце і ўзьняла беларускі народ на барацьбу за сваю дзяржаву.
Таму перад пачаткам Сьвяточнага рушаньня па праспэкце «Малады Фронт» заклікае патрыётаў прыняць удзел у «Купальскіх чытаньнях». Заклікаем выбіраць нацыянальна-патрыятычныя творы Янкі Купалы і дэкляраваць іх на памяць ці з аркуша ля помніка прароку Беларусі.
Удзел у «Купальскіх чытаньнях» прыме нацыянальны паэт і рэвалюцыянэр Славамір Адамовіч, які будзе ўзначальваць журы конкурса і вызначыць пераможцаў чытаньняў, якія атрымаюць каштоўныя падарункі ад арганізатараў мерапрыемства.
Нагадаем, што раней маладафронтаўцы выступілі з ініцыятывай правядзеньня «Сьвяточнага рушаньня пад нацыянальнымі сьцягамі», каб адсьвяткаваць 25-ыя угодкі Абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Акцыя распачнецца 25 жніўня а 18 гадзіне ля помніка Янку Купале і пройдзе па праспэкце да плошчы Незалежнасьці.