Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусы Канады запісалі «падводны фолк»

03.10.2016 культура
Беларусы Канады запісалі «падводны фолк»

Гранічнае спалучэньне неспалучальнага: падводныя здымкі пад народныя мэлёдыі.

Tuzin.fm прэзэнтуе сольны альбом канадзкай беларускі Віялеты Кавалёвай разам з 4 відэаролікамі. Праект ствараўся цягам двух год, аўдыёчастка ў вольным доступе публікуецца ўпершыню.

Кіраўнічка беларускага фолк-гурту з Таронта «Яваровы людзі» Віялета Кавалёва запісала тузін інструмэнтальных п’есаў на тэмы народных сьпеваў.

Большая частка матэрыялу сыграная сэмплерным арганам. Альбом паўстаў у адказ на прапанову аквалянгіста й гукарэжысэра Ігара Філюшкіна. Той хацеў аздобіць падобнай музыкай свае падводныя відэа, натхнёны досьведам Жака Іва Кусто.

«Калі Ігар прапанаваў мне запісаць беларускія народныя песьні ў арганных аранжыроўках, я не была ўпэўненая, што ў мяне гэта атрымаецца, але вельмі цікава было паспрабаваць. Спачатку я проста сядала за электронны арган і імправізавала на тэму нейкай песьні, ня ведаючы, куды мяне завядзе мэлёдыя, а Ігар запісваў вынік. Чатыры кампазыцыі з гэтага альбому — «Брала дзеўка лён», «Медуніца лугавая», «Бітая дарожанька» і першы варыянт песьні «А ці выйшла асеньняя тучка» — менавіта такія імправізацыі. Яны сыграныя пад уплывам настрою ў нейкі канкрэтны момант, і іх немагчыма паўтарыць, не зьмяніўшы», - распавядае Віялета.

Ігар дадае: «Некаторыя з музычных кампазыцыяў я ня змог выкарыстаць з той самай прычыны, што ўзьнікла Кусто падчас супрацы з Вангелісам, — яны аказаліся на галаву вышэйшыя за здымкі. Таму мы і вырашылі стварыць гэты альбом — каб слухачы змаглі атрымаць асалоду ад цудоўных беларускіх мэлёдыяў у новым інструмэнтальным гучаньні».

Альбом «Беларускія народныя песьні ў інструмэнтальных апрацоўках», канешне, лепей успрымаць адразу ў комплексе зь відэа, дзе да здымкаў разам з музыкай дадаюцца й адпаведныя падводныя шумы. Віялета й Ігар падрыхтавалі 4 такія ролікі: пад беларускія матывы нырцы залазяць у глыбінныя пячоры, перасьледуюць чарапаху, кормяць акулаў не бяз крывавых траўмаў… Можна сабе ўявіць, што нібыта праз шмат стагодзьдзяў тэрыторыю Беларусі ізноў заліў акіян, а самі жыхары мутавалі ў каралавыя паліпы, і іх цяпер дасьледуюць іншаплянэтныя акванаўты. Хвалі сымбалічна змываюць ініцыялы JL на пяску (Javarovy Ludzi). Творчы тандэм зьбіраецца разьвіваць свой падводны праект далей.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]