Хто тутэйшы, таго мы і павінны ўспрымаць як «беларуса ў сучасным сэнсе слова».
Асаблівасьць нашага рэгіёну, ягонай гісторыі і этна-культурнага ляндшафту ў тым, што многіх дзеячаў і многія культурніцкія зьявы можна разглядаць як умоўна прыналежныя да адначасова некалькіх нацыяў. Гэта відавочная рэч, якую складана ўсьвядоміць і акцэптаваць нацыяналістам узору 20 стагодзьдзя і ўвогуле вельмі шмат каму на абшары ад Варшавы да Ўладзівастоку. Але гэтая асаблівасьць натуральна выглядае як з пункту гледжаньня данацыянальнай эпохі, так і з пункту гледжаньня эпохі цяперашняй, глябалісцкай.
Марк Шагал — беларускі мастак, бо нарадзіўся, вырас і сфармаваўся як творца ў Віцебску. Але адначасова з гэтым ён, канечне ж, і габрэйскі мастак, бо быў этнічным габрэем і належаў да габрэйскай культуры. Разам з гэтым, ён і расейскі мастак, бо быў часткай і агульнарасейскай культуры і бо калі ён жыў, Беларусь была часткай Расеі альбо ў выглядзе марыянэткавай БССР знаходзілася пад савецкай акупацыяй. Але ён таксама і мастак францускі, бо большую частку жыцьця правёў у Францыі, большая частка ягонай творчасьці зьвязаная з Францыяй, і нават у сьвеце ён вядомы пад францускай транскрыпцыяй свайго імя — Marc Chagall.
Аднесьці Шагала толькі да адной з гэтых супольнасьцяў — Беларусь, Расея, Францыя, габрэйская нацыя — гэта ўжо пярэчаньне фактам і наіўнае спрашчэньне. Тым болей непраўдзіва палымяна аспрэчваць яго прыналежнасьць да будзь-якой зь іх.
Гэтаксама і шмат з кім, і асабліва з многімі беларусамі-літвінамі.
Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля — беларускія літаратары, Фэрдынанд Рушчыц і Валенты Ваньковіч — беларускія мастакі, а Міхал Клеафас Агінскі і Станіслаў Манюшка — беларускія кампазытары. Бо яны нарадзіліся ў Беларусі, жылі ў Беларусі, прысьвячалі сваю творчасьць Беларусі і ўвогуле асацыявалі сябе з тым, што цяпер называецца Беларусь. Гэтаксама яны адначасова і з такім жа правам зьяўляюцца і палякамі — бо належалі да палянізаванай беларускай-ліцьвінскай шляхты, якая сама сябе ўжо ўспрымала ў якасьці часткі польскага народу. А калі б расейскае грамадзтва магло б пры жаданьні ўзгадаць, што ўсе гэтыя людзі былі падданымі Расейскай імпэрыі, то магло б паспрабаваць шукаць зь імі прымірэньня як з волею лёсу часткай разнастайнай «расейскай цывілізацыі».
Беларусь — гэта не дзяржава пад назвай «Беларусь», якая зьявілася сто гадоў таму. І нават не абавязкова беларуская мова ці беларуская нацыянальнасьць, якая зьявілася ня больш за 150 гадоў таму (тады ж, калі і само паняцьце нацыянальнасьці). Беларусь — гэта тэрыторыя і людзі, якія гэтую тэрыторыю насяляюць і насялялі на працягу стагодзьдзяў. Увогуле, варта ўзгадаць тут літаральнае значэньне старога інтуітыўнага слова «тутэйшы». Хто тутэйшы, таго мы і павінны ўспрымаць як «беларуса ў сучасным сэнсе слова». Ежы (Юры) Гедройць — беларус, Чэслаў Немэн і Рышард Капусьцінскі — беларусы, Хаім Вейцман і Голда Мэір — беларусы.
У тым ліку і беларусы.
Пазыцыя беларусаў у нечым найбольш годная і павучальная сярод суседзяў: беларусы менш за ўсіх цягнуць на сябе коўдру.
І, канечне ж, Вялікае Княства Літоўскае. Яно адначасова і на роўных асновах належыць нават ня двум, а тром супольнасьцям людзей, дзьве зь якіх маюць сёньня свае нацыянальныя дзяржавы. Беларусам, літоўцам і, пра што чамусьці ня прынята казаць, палякам Віленшчыны й Гарадзеншчыны.
Перацягваньне канату і сьцьвярджэньне, быццам «у старажытнасьці літоўцы захапілі Беларусь», альбо, наадварот, што цяперашнія літоўцы ня маюць ну ніякага дачыненьня да ВКЛ — аднолькава няправільныя.
Пазыцыя беларусаў у гэтым кантэксьце найбольш цікавая. У нечым яна найбольш годная і павучальная сярод суседзяў: беларусы менш за ўсіх цягнуць на сябе коўдру. У адрозьненьне ад гэтай пазыцыі, у Летуве міт пра Вялікае княства Літоўскае як летувіскую дзяржаву — частка афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі, а палякі крыўдзяцца, калі ім кажаш, што Касьцюшка ці Міцкевіч — беларусы.
Беларусы ніколі ні на што ня крыўдзяцца.
З аднаго боку, гэта, вядома ж, азнака абыякавасьці, нізкага ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці і ўвогуле культуры. З другога — можа гэта й сапраўды перадумова для таго, каб «пераскокнуць» этап дзіцячых нацыяналістычных хваробаў, на якія пакутуюць многія людзі ў суседніх зь Беларусьсю краінах? Перадумова для таго, каб усьвядоміць гэтую тутэйшую пярэстасьць і разнастайнасьць, і адразу ўспрымаць сваю (супольную з суседзямі) спадчыну больш па-даросламу?
Можа гэта й сапраўды перадумова для таго, каб «пераскокнуць» этап дзіцячых нацыяналістычных хваробаў, на якія пакутуюць многія людзі ў суседніх зь Беларусьсю краінах?
Даходзіць і да іншай крайнасьці: даводзіцца назіраць гарлівых беларускіх (прычым нават беларускамоўных) інтэлектуалаў, якія з большай разьюшанасьцю лютуюць над беларускім поглядам на гісторыю Беларусі, чым гэта робяць польскія ці летувіскія шавіністы. І нават самую ідэю беларускай дзяржаўнасьці гэтыя людзі літасьціва не аспрэчваюць толькі праз тое, што «ну так ужо склалася». Была б іхная воля, на месцы Беларусі была б дзяржаўная мяжа Польшчы, Летувы і Расеі. Далібог, няма большага ворага Беларусі, няма больш аргумэнтаванага і зацятага крытыка Беларусі, чым самазакаханы беларус, які вывучыўся ў польскім унівэрсытэце й жыве на летувіскія гранты.
Так ці іначай, ёсьць і яшчэ адзін аспэкт, прычым ключавы. Спрачацца пра «чый Шагал» і «чыё ВКЛ» ня мае сэнсу без таго, каб Беларусь рэальна асвойвала спадчыну і культывавала памяць пра гэтых людзей і гэтыя зьявы. Каб быць паўнапраўным спадкаемцам, трэба жыць гэтай сваёй спадчынай і быць дастойным яе, трэба працягваць гэтыя традыцыі і культуру.
Летува падмацоўвае свае прэтэнзіі на літоўскую спадчыну грунтоўнай культурніцкай, навуковай і асьветніцкай працай: пачынаючы ад таго, што сучасная рэпліка сьцяга ВКЛ была зробленая дзяржаўным сьцягам Літоўскай Рэспублікі, сканчаючы доглядам за архітэктурнымі помнікамі, падрабязным вывучэньнем і папулярызацыяй гісторыі ВКЛ у сьвеце, і гэтак далей, ажно да распаўсюджанасьці сярод літоўцаў імёнаў Альгерд і Вітаўт у іхных мясцовых вэрсіях.
Палякі, канечне ж, дбаюць пра памяць і спадчыну польскамоўных беларускіх-ліцьвінскіх культурных дзеячаў непараўнальна больш, чым беларусы, якія гэтую спадчыну для сябе толькі нядаўна адкрылі і якія самі дагэтуль не да канца вызначыліся, хто ім больш «свой»: зямляк Адам Міцкевіч ці замежнік Аляксандр Сяргеевіч Пушкін.
Нельга сказаць, што ў Беларусі нічога ня робіцца дзеля засваеньня і культывацыі памяці пра славутых беларусаў. У многіх гарадах Беларусі зьявіліся вуліцы Ўладзіслава Сыракомлі. У Менску пастаўлены помнік Адаму Міцкевічу, у Віцебску — помнік князю Альгерду. Справа павольна, але рухаецца наперад.
Але трэба рабіць нашмат, нашмат больш.
Алесь Чайчыц, «Радыё Свабода»
25.06.2026
США впервые применили на учениях украинский морской дрон, подорвавший 10 московитских кораблей
25.06.2026
«Лукашенко с криком «Валодзя, Валодзенька, прасти старага дурака» полез с отверткой на вышку»
24.06.2026
Франция, Германия, Польша, Великобритания и Италия согласовали пять ключевых приоритетов перед саммитом НАТО