Цягнік пад назвай «Аўтарытарная Беларусь» імчыць без тармазоў, але, як бы там ні было, ужыць «стоп-кран» давядзецца.
Аўтарытарную краіну можна параўнаць з саставам з запоўненымі людзьмі вагонамі, якія прычэплены да лакаматыву, пазбаўленага тармазоў. Ён рухаецца бескантрольна, набірае шалёны разгон, што абавязкова скончыцца катастрофай, але пасажырам спыніць яго або саскочыць самім — цяжка.
У любой дэмакратычнай краіне, калі прэзідэнцкія выбары прыводзяць на вышэйшую пасаду чалавека, які ўзурпіруе ўладу, думае толькі пра ўласныя амбіцыі, самаўслаўленне і абагачэнне, не спраўляецца з абавязкамі, заўсёды ёсць магчымасць выправіць зробленую памылку. Для гэтага маецца чарговае волевыяўленне народа і ў крайнім выпадку — імпічмент. У нас жа адкрытых, сумленных выбараў, што вяртаюць у грамадства здаровы сэнс, няма.
Жыхары Беларусі, якія ў 1994 годзе прагаласавалі не розумам, а на хвалі сумбурнага пратэсту супраць камуністычнага дыктату за невядомую асобу з прымітыўнымі, папулісцкімі лозунгамі, загналі сябе ў такую ж таталітарную пастку, як ранейшая, адкуль зноў без палітычнага і сацыяльнага ўзрушэння вызваліцца не ўдасца. Але многія людзі нават цяпер яшчэ не разумеюць, якая вялікая памылка была тады дапушчана.
Галоўная загана аўтарытарызму заключаецца ў тым, што такая сістэма не мае ніякіх механізмаў процівагі і стрымлівання, усё падпарадкавана аднаму чалавеку. А чалавеку ўласціва не толькі прымаць правільныя рашэнні, але і памыляцца. У гэтым выпадку запярэчыць, пераканаць, спыніць адыёзнага правіцеля абсалютна няма каму. Блізкае атачэнне і больш аддаленыя ад яго служкі баяцца страціць пасаду або наогул апынуцца ў турэмнай камеры, бо ва ўмовах татальнай карупцыі, хабарніцтва і крадзяжоў багаты кампрамат ёсць практычна на кожнага наменклатуршчыка, сілавіка з вялікімі зоркамі на пагонах або прыўладнага бізнесоўца. Ён толькі чакае свайго часу…
Савецкая дзяржава, з якой выйшла значная частка сучаснага беларускага грамадства, пачала дзейнічаць пад кіраўніцтвам бальшавікоў без тармазоў з першых дзён. У 1920 годзе вялікі аматар расстрэльных запісак і рэзалюцый У. Ленін піша: «Принять военные меры, т.е. постараться наказать Латвию и Эстляндию военным образом (напр., «на плечах» Балаховича (С. Булак-Балаховіч (1883 — 1940) — ваенны і палітычны дзеяч, генерал расійскай Белай арміі і Войска Польскага. — С.З.) перейти где-либо границу хоть на 1 версту и повесить там 100 — 1000 их чиновников и богачей)». Гаворка спакойна ідзе пра нахабнае ўварванне ў суверэнныя краіны, пра масавыя забойствы на чужой тэрыторыі! Пасля Сталін і наступныя генсекі КПСС навязвалі таталітарны сацыялізм у свеце ўсюды, дзе толькі з’яўлялася магчымасць, трацячы на бесперспектыўныя авантуры вялікія народныя грошы, не думаючы пра нізкі дабрабыт савецкіх людзей. У тым, што царскія і бальшавіцкія традыцыі не зніклі, пераконвае цынічны захоп сучаснай Расіяй украінскага паўвострава Крым і ваенныя дзеянні ў Данбасе.
Імперская палітыка Расіі сапраўды ніколі не мела тармазоў, што можна прасачыць праз усю гісторыю. Цяпер суседка ўцягвае ў агрэсіўную ваенную мітусню, скіраваную на запалохванне Захаду, і Беларусь, якую трымае на кароткім повадзе. У 2017 годзе з Расіі ў нашу краіну плануецца накіраваць 4162 вагоны з грузамі ваеннага прызначэння, што ў 83 (!) разы болей, чым сёлета. Атмасфера супрацьстаяння нагнятаецца ў рэгіёне імклівымі тэмпамі. За нафту і газ па льготных коштах, за пазыкі, якія патрэбны для ўратавання рэжыму, прадаецца мір і спакой беларусаў. Вось вам і адказ на звыклае народнае заклінанне «Толькі б не было вайны!»
Без тармазоў дзейнічае кіруючы клан і ўнутры краіны. Не праводзячы неабходныя рэформы, кідаючы гіганцкія сродкі ў стратныя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, ён заганяе эканоміку ў тупік, што пагражае маштабным развалам. Вытворцы, замест таго, каб засяродзіцца на прадукцыйнасці працы, павышэнні якасці і канкурэнтнасці тавараў, гоняць, як і ў савецкі час, прымітыўны вал, забіваючы пад завязку склады, ствараючы галаўны боль для знешняга гандлю і нават для дыпламатаў. Што тычыцца харчавання, то дзеля піяру лепшыя прадукты па нізкіх коштах накіроўваюцца за мяжу (у асноўным у Расію), а мясцовым спажыўцам, каб пакрыць страты, даводзіцца за немалыя грошы купляць пасрэдную ежу. Словам, і тут рэклама «вялікіх дасягненняў» рэжыму аплачваецца з народнай кішэні. Пра лекі нават не хочацца згадваць, бо яны сталі «абдзіралаўкай». Хочаш ці не хочаш, ды, каб выжыць, купляць іх даводзіцца па любых коштах, якія «стабільна» растуць без тармазоў.
Нерэфармаваная, немадэрнізаваная, слабая эканоміка не можа забяспечыць годны жыццёвы ўзровень насельніцтва. На бедным фоне асабліва кідаюцца ў вочы пампезныя катэджы-палацы «слуг народа», раскошны быт, які яны стварылі сабе і сямейнікам. А прыклад чыноўнікі і дэпутаты бяруць з вярхоў улады, якія не вызначаюцца сціпласцю і высокай культурай. Апетыты гэтак званай «эліты» узмацняюцца, а стрымаць іх няма каму.
Сапраўды, язда без тармазоў — бяда … Той, хто мог бы выправіць хісткае становішча, згубіў не толькі меру ў самаўсхваленні, ужо велічаючы сябе «народным президентом», але і наогул пастаянна збіваецца з рэалій на казачныя, фантастычныя сюжэты, а то і на нешта зусім абсурднае.
Мясцовая прапаганда таксама даўно абыходзіцца без тармазоў. СССР быў «авангардам перадавога чалавецтва», а аўтарытарная Беларусь стала проста «самай лепшай у свеце». Як толькі ўключаеш тэлевізар або разгортваеш афіцыйную газету, адразу на цябе абрынаецца забойны лівень «беларускіх перамог пад мудрым кіраўніцтвам» вядома каго. Здаецца, далей няма куды ехаць у словаблуддзі. Аж не, «рэзервы» яшчэ маюцца. Вяршыню ліслівага падхалімажу ў дачыненні да кіраўніка краіны, што нядаўна ў «Клубе рэдактараў» прадэманстравалі Г. Давыдзька і П. Якубовіч, несумненна можна заносіць у «Кнігу рэкордаў Гінеса».
Але словамі з трыбуны або ў СМІ, якімі б салодкімі яны ні былі, сыты не будзеш. Статыстыка паведамляе, што грашовыя прыбыткі насельніцтва ў студзені — верасні 2016 года скараціліся на 7,2% ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Няпростае тутэйшае жыццё прымушае глядзець на яго больш уважліва і прыдзірліва. Бачна, што яно ў многім папяровае, бутафорскае. Заяўленыя дзяржаўныя інстытуты (парламент, суды, СМІ) не выконваюць свае функцыі так, як ім належыць згодна статусу.
Ніякіх тармазоў не бачна ў забарончым стаўленні ўлады да палітычнага і грамадскага жыцця, да апазіцыі. Чыноўнікі з дапамогай сілавікоў займаюць жорсткую пазіцыю, не ідуць на дыялог з апанентамі. Выяўленне любой ініцыятывы, а тым больш пікеты, мітынгі, маніфестацыі — не вітаюцца. Кожны грамадзянін, які мае іншую думку, чым афіцыйная, залічваецца ў «ворагі народа»…
Нядаўна я сустракаўся з нямецкай дэлегацыяй, якая закідала наіўнымі пытаннямі, здзівіла няведаннем таго, што адбываецца ў Беларусі. Але гэта — замежнікі. У нас жа рэчаіснасць прад вачыма. Дык на што спадзяемся, калі ўдзельнічаем у маштабным жульніцтве?
Цягнік пад назвай «Аўтарытарная Беларусь» імчыць без тармазоў па рэйках часу, мільгаюць дні, месяцы, гады і дзесяцігоддзі. Але, як бы там ні было, ды ўжыць «стоп-кран» давядзецца. Так што, як будзем падаць, беражыце насы, беларусы!
Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»