Топ-10 цытат Трусава пра яго патрыятычны падручнік.
Пісьменнік і гісторык Алег Трусаў распавёў на сустрэчы з мовананоўцамі пра кнігу «Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V—ХV ст.», якая справакавала шал на расійскім тэлебачанні. Гэты падручнік — беларуская версія гісторыі Еўропы. Трусаў узяўся яе пісаць, калі пачытаў падручнікі суседзяў і зразумеў, што беларускага не хапае, піша «Наша Ніва».
1. «Асноўны акцэнт я рабіў на славян і на тое, як мы сталі беларусамі на гэтым славянскім субстраце. Мы можам ганарыцца, што паўднёвая Беларусь, наша Палессе, — этнічная праславянская тэрыторыя. Гэтыя славяне прыйшлі з Дуная, таму самыя блізкія нашы сябры — славакі, якія засталіся на Дунаі. Калі вы прыедзеце ў Браціславу і загаворыце па-беларуску, вас усе зразумеюць. Там «дз» таксама ёсць, і «дзякуй» яны кажуць. Так што славакі і беларусы — гэта два кавалкі аднаго пірага».
2. «Я стаўлю пытанне: з якога года мы павінны святкаваць нашу дзяржаўнасць? А з таго, з якога святкуюць расіяне, — 862 года, калі Полацк упершыню згадваецца ў летапісах».
3. «У сярэдзіне — другой палове ХII ст. мы, фактычна, ужо сталі беларусамі. Таму што ў першай палове — сярэдзіне ХII ст. з летапісаў зніклі назвы плямёнаў. Гэта значыць, на гэтай тэрыторыі ўжо змяшаліся славяне і балты, і ўзнікла тая этнічная супольнасць, якая жыве па сённяшні дзень.
Першымі беларусамі можна назваць і Еўфрасінню Полацкую, і Кірылу Тураўскага. Гэта эліта, якая стала хрысціянамі, якая пісала на адной мове і стварыла літаратурную мову, бо да гэтага былі дыялекты. Кожная вёска гаварыла як можа. Пісьмовая мова — гэта якраз ХII ст.. У гэтай мове ёсць прыкметы будучай беларускай».
4. «У ХIII ст. на першае месца выйшаў Наваградак. Гэта быў адзін з найбагацейшых гарадоў Усходняй Еўропы, цэнтр міжнароднага гандлю. Археолагі знайшлі тут такія рэчы, якія не сніліся ні Кіеву, ні Полацку, ні Ноўгараду. Знайшлі нават атынкаваныя і распісаныя фрэскамі драўляныя дамы наваградскіх баяр. Такога нідзе няма! Калі Наваградак стаў самастойны, на княства запрасілі князя Міндоўга, які пачаў праводзіць незалежную палітыку і ваяваць з суседзямі. Забіў яго свой жа, Даўмонт, не падзялілі жонку. Потым ён уцёк у Пскоў, дзе прыняў праваслаўе і стаў Святым Цімафеем. Яму моляцца па сённяшні дзень».
5. «У гэтай кніжцы я ўпершыню апісаў славянскія дзяржавы, якія потым захапіла Масква. Тут шмат пра Вялікі Ноўгарад, пра Пскоўскую рэспубліку, пра Вялікае Княства Смаленскае, Цвярское, Разанскае… Гэта былі такія дзяржавы, асабліва Наўгародская, што, каб іх не знішчылі, мы б мелі яшчэ адзін славянскі народ. Даследчыкі кажуць, каб не знішчылі эліту, была б наўгародская нацыя. Яны вельмі адрозніваліся і ад рускіх, і ад беларусаў, і ад украінцаў».
6. «Я падрабязна апісаў гісторыю крыжацкага Ордэна. Як з’явіліся крыжакі, адкуль прыйшлі, як паступова заваявалі прусаў і, самае галоўнае, чаму сталі з намі ваяваць. Наш князь Тройдзень пусціў прусаў, якія ўцякалі ад немцаў, у ВКЛ і пасяліў іх на Гродзеншчыне. Тады немцы пайшлі да нас, і вайна з Ордэнам пачалася за прусаў. Немцы ваявалі з намі каля 200 гадоў і прайгралі. Пасля Грунвальда і да Першай сусветнай вайны ніводнага нямецкага салдата на беларускай зямлі не было».
7. «Я падтрымліваю думку гісторыкаў, якія лічаць, што мы належым да ўсходнееўрапейскай цывілізацыі, а расіяне — да еўразійскай. Там зусім іншая ментальнасць».
8. «Наконт слова «рускі». «Русь» — слова варажскае. Русамі называлі людзей, якія прыплылі з-за мора. Першая руская зямля — Кіеўшчына. І калі войскі Альгерда вызвалілі Кіеў ад татараў, рускімі сталі называць усіх праваслаўных жыхароў ВКЛ. Гэта значыць, што рускімі былі і беларусы, і ўкраінцы, бо мы тады яшчэ не падзяліліся на два народы. Быў адзін народ, які размаўляў на старабеларускай альбо стараўкраінскай мове. Рускімі нас называлі ўсе. Нават Скарына называў сябе рускім. У Статуце 1588 года напісана, што пісар земскі павінен рускімі, а не якімі іншымі літарамі пісаць. Гэта значыць, кірыліцай. А тыя, якія цяпер рускія, называліся ардынцамі альбо масквічамі, бо былі васаламі Залатой Арды. І сваёй незалежнасці яны дасягнулі толькі ў 1480 годзе».
9. «У кнізе я даказваю, што Ягелоны — славянская дынастыя. Да сённяшніх балтаў яна мае невялікае дачыненне, таму што Ягайла — сын цвярской княжны Ульяны. А жонка, якая дала дзяцей, — наша Соф’я Гальшанская. Што цікава, калі Ягайла прыехаў у Кракаў, ён прывёз з сабой вялікі двор з украінцаў і беларусаў. І тыя распісалі фрэскамі ўсе касцёлы, навучылі палякаў мастацтву. Больш таго, яны спынілі германізацыю, бо польскі двор ужо быў напалову анямечаны».
10. «Кастусь Каліноўскі ўвёў слова беларус. Памятаеце пароль? «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!» На якой мове ён пісаў «Мужыцкую праўду»? На мове сялян. На беларускай мове, прычым вельмі блізкай да нашай. Таму мы новая мадэрновая нацыя, якую заснаваў Кастусь Каліноўскі. І не выпадкова, што яго малодшы сябар Францішак Багушэвіч стаў называць нас беларусамі».