7 снежня адбылося паседжанне Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.
Сярод іншага Радай прынятыя Заява і Пастанова аб стварэнні вайсковай камісіі БНК.
Заява Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу
Палітычная сітуацыя вакол Беларусі складваецца такім чынам, што наша краіна можа быць уцягнутая ў ваенныя канфлікты, стаць аб'ектам знешняй агрэсіі. Каб супрацьстаяць гэтаму, мы мусім мець баяздольнае, моцнае духам, цалкам адданае Айчыне, беларускаму народу войска. Такое войска, якім бы ні было яно тэхнічна ўзброеным, нельга стварыць на аснове чужых, запазычаных традыцый, ідэалаў. Такое войска можа быць створанае толькі на падмурку глыбокага адчування айчыннай гісторыі, пераемнасці вайсковай славы, нацыянальнага гонару. Без гэтага, як сведчыць досвед Украіны, узбронеыя сілы якой былі па сутнасці прарасійскімі і без супраціву здалі Расіі частку ўкраінскай тэрыторыі, стварыць войска, гатовае ў любы момант бараніць Радзіму, самаахвярна змагацца за яе свабоду і незалежнасць, немагчыма.
Аналіз сітуацыі ў беларускіх узброеных сілах паказвае, што ўлады нічога не робяць для выхавання салдат і афіцэраў, адданых Беларусі, а не чужынцам. Пра гэта сведчаць многія факты, у тым ліку тое, што патрыятычна настроеным афіцэрам значна цяжэй падымацца па службовай лесвіцы, чым тым, хто лічыць беларускае войска «саюзным» - ледзьве не часткай расійскай арміі.
У звязку з праблемамі, што існуюць у беларускіх узброеных сілах, Рада БНК палічыла неабходным стварыць вайсковую камісію.
Задачай камісіі, якая ў сваёй дзейнасці кіруецца артыкулам 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца падрыхтоўка грамадзянаў да абароны Радзімы, дапамога кіраўніцтву сілавых структур у падвышэнні псіхалагічнай і маральнай гатоўнасці салдат і афіцэраў.
Галоўнай мэтай дзейнасці вайсковай камісіі ёсць захаванне і ўмацаванне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзеля чаго заклікаем да супрацы як вайсковых адмыслоўцаў, гэтак і ўсіх патрыётаў Беларусі.
Жыве Беларусь!
7.12.2016, Мінск
Пастанова Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу "Аб стварэнні вайсковай камісіі БНК"
Рада БНК пастанаўляе:
1. Стварыць вайсковую камісію БНК і абраць яе кіраўніцтва.
2. Галоўнай мэтай дзейнасці вайсковай камісіі вызначыць захаванне і ўмацаванне незалежнасці Беларусі.
3. Задачамі камісіі лічыць:
а) Аналіз пагроз незалежнасці краіны і прыцягненне да іх увагі грамадства;
б) Распрацоўка для кіраўніцтва вайсковых структур прапаноў па падвышэнню псіхалагічнай і маральнай гатоўнасці войска. Пры неабходнасці - арганізацыя ўдзелу грамадскасці ў рэалізацыі некаторых з гэтых прапаноў;
в) У адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі Беларусі - правядзенне працы па падрыхтоўцы грамадзянаў да абароны незалежнасці краіны.
4. Улічваючы складанасць сітуацыі, даручыць кіраўніцтву вайсковай камісіі неадкладна прыступіць да вырашэння вышэйназваных задач.
5. На чарговым паседжанні Рады разгледзець прапановы кіраўніцтва камісіі па пашырэнню яе складу.
г. Мінск, 7 снежня 2016 г.
Уладзімір Някляеў