Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як спорт вучыць «чуць віры свае»

15.12.2016 общество
Як спорт вучыць «чуць віры свае»

У спартыўным кантэксце ўсё не зусім кепска з беларускай мовай.

Адразу папярэджу, рэзананснае выказванне Васіля Кірыенкі не паўплывала на асабістае стаўленне да атлета: Кіры — па-ранейшаму выбітны раварыст і, падкрэсліваю, беларус. Для большасці суайчыннікаў сёння "нацыянальнасць" — гэта "грамадзянства", людзей яднае агульная арганізацыя жыцця на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, але не адчуванне прыналежнасці да пэўнага этнасу, знітаванага мовай і здабыткамі ўласнай культуры. На жаль. Кірыенка наўпрост агучыў пазіцыю, якой прытрымліваюцца вашы тата і мама, або сябры, або каханыя, або бос на працы. "Па-беларуску размаўляюць адзінкі? Так пачні з сябе, што перашкаджае?" Так можна напісаць у каментары на форуме віртуальнаму суразмоўцу, але ці ўпікнеш бацькам, якія гадавалі ў ліхалецце пасля развалу саюзу? Бабулі, чыя маладосць прамінула, напрыклад, у швейнай майстэрні? Тваё ж сумленне — іншае пытанне.

Мяркую, публічныя дыскусіі на тэму безабароннасці мовы — справа неабходная: запамінальнае супастаўленне з мовай баскаў беларускаму слову нясе больш карысці, чым спагадлівае маўчанне. Андрэй Вашкевіч у "THE" нагадвае Кіры, што 60% грамадзян Беларусі, згодна з перапісам-2009, лічаць беларускую мову роднай. Але! Нават фармальна нельга цешыцца гэтым паказчыкам.

У прыведзенай ніжэй табліцы* паказана, як на працягу апошніх 80 гадоў, па даным сямі перапісаў, змянялася доля грамадзян БССР/Беларусі, называўшых сябе беларусамі (этнічных беларусаў), і доля тых этнічных беларусаў, якія лічылі беларускую мову роднай.

Лёгка заўважыць, што за апошнія 20 гадоў этнічнае і моўнае самавызначэнне не ўвязваліся адно з адным. Калі доля этнічных беларусаў паслядоўна пакрыху ўзрастала, то доля беларусаў, назваўшых беларускую мову роднай, у 1999-м дайшла да 85,6%, але за 10 наступных гадоў знізілася амаль на 25% і дасягнула рэкорднага мінімуму — 60,8%.

У наступнай табліцы прадстаўлены даныя двух постсавецкіх перапісаў, якія дазваляюць убачыць, як да беларускай мовы ставіліся асноўныя этнічныя групы ў Беларусі, а таксама жыхары гарадоў і сельскай мясцовасці.

Чаму людзі ў сем’ях размаўляюць на няроднай мове? Відавочна, лічбы перапісаў у слупках аб роднай і хатняй мовах — гэта ўяўленне грамадзян аб пажаданым, пазітыўным або належным, аднак гэта не факт іх моўнага быцця. Абедзьве мовы Беларусі прэстыжныя, але па-рознаму. Беларуская — як адзін з дзяржаўных сімвалаў, у Мінску і часткова некаторых абласных цэнтрах — як элітарная мова нацыянальнай інтэлігенцыі. Руская — як мова паўсядзённых зносін грамадзян, асноўная мова адукацыі, улады, СМІ, Інтэрнэту, кніг і, зразумела, як мова, з якой не застанешся без працы за мяжой. Вёска? Так, амаль 80% сельскіх жыхароў (а гэта 26% насельніцтва краіны) лічаць беларускую мову роднай, 59% вяскоўцаў назвалі беларускую — мовай хатняй камунікацыі. Аднак не выпадае казаць аб запаведнай чысціні вясковай мовы: яна выціскаецца трасянкай — хаатычна змяшаным беларуска-рускім маўленнем.

Чаму так склалася? Акрамя глабальных войнаў, якія фізічна вынішчалі беларусаў, мы ў перыяд славянскай "вясны народаў" — актыўнага нацыянальнага самавызначэння паўднёвых і заходніх славян — апынуліся, як і украінцы, у няволі імперскай русіфікацыі. Па перыметры Расійскай імперыі жылі шматлікія народы, але іх тытульныя пісьмовыя мовы захаваліся, і толькі ў Беларусі ды Украіне русіфікацыя дасягнула крытычнага ўзроўню і нават перайшла яго. Прычын дзве: блізкародства моў і нацыянальна-моўная палітыка царызму. Левабярэжная Украіна разам з Кіевам увайшла ў склад Маскоўскай дзяржавы ў 1654 годзе, беларускія землі — пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772-1795 гг.). Нават свабоды, якія ўдалося займець пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, не знялі забароны на выкладанне беларускай і ўкраінскай моў у школах. У Беларусі і "падрасійскай" Украіне з’яўленне школ, дзе выкладанне вялося на нацыянальных мовах, стала магчымым толькі ў 1915-1916 гадах (на акупаваных немцамі тэрыторыях).

Чаму сучасная моўная сітуацыя ва Украіне адрозная ад нашай? Царызм лічыў Украіну саюзнікам Расіі ў войнах супраць Польшы, у той час як беларусы з часоў ВКЛ часцей выступалі ў саюзе з палякамі (ці з польскім нацыянальным рухам) супраць Расіі. Таму на нашых землях палітыка русіфікацыі была больш жорсткай. З 1805 па 1913 гады ва Украіне былі адчынены не менш за 9 буйных адукацыйных устаноў (Харкаўскі інстытут, Нежынскі ліцэй і г.д.). У Беларусі ж у 1832 годзе пасля паўстання быў зачынены Віленскі ўніверсітэт, напачатку 1830-х гг. Полацкі кадэцкі корпус пераведзены ў Маскву, дзе стаў першым маскоўскім кадэцкім корпусам, першая ў Імперыі Горыцкая земляробчая акадэмія пасля паўстання 1863-га зачынена і пераведзена ў Пецярбург… Калі пачалася Першая сусветная вайна, у Беларусі не было ніводнай (!) вышэйшай школы. Некаторыя дзеячы беларускай культуры (Насовіч, Ластоўскі, Гартны, Лёсік) так і не атрымалі вышэйшай адукацыі, Купала і Колас — таксама.

У выніку пачатак ХХ веку беларусы сустрэлі народам амаль без беларускамоўнай інтэлігенцыі і чыноўніцтва, без нацыянальнай школы, у тым ліку пачатковай, без уласнай мовы па-за сялянскай хатай. Савецкая беларусізацыя 1920-х змянілася сталінскімі рэпрэсіямі, апошняя дзяржаўная беларусізацыя доўжылася ўсяго чатыры гады (1991–1994 гг.).

Так ці трэба здзіўляцца таму, што беларускія дзеці сёння вывучаюць беларускую мову як замежную? Вучаць лексіку, знаёмяцца з граматыкай… Слоік і прас — гэта звычайныя банка и утюг, але для школьніка яны не бліжэйшыя за англійскія jar і iron. Дзе-нідзе ў гарадах можна наткнуцца на моўную выспачку, але ж гэта усё роўна выспа.

...Кумір падлеткаў Макс Корж ідзе па начным цэнтры сталіцы...

Иду я по Тройки, а тут такой сюрприз.

Видео опубликовано Макс Корж (@maxkorzhmus) Окт 5 2016 в 11:24 PDT

І пры ўсім тым ёсць беларускі спорт. Дзе:

— Праводзіцца рэбрэндынг зборнай па футболе з апорай на творчасць Уладзіміра Караткевіча, заснаваны на народным галасаваніі.

— Тое ж народнае галасаванне абірае беларускамоўны каментарый фінальнага матча ЧЕ па футболе.

— Футбалісты самі каментуюць гульні па-беларуску.

— Мянушку "народная каманда" атрымоўваюць "Крумкачы", якія часткова будуюць імідж на нацыянальнай ніве.

— Беларускага грамадзянiна, былога супрацоўніка спартыўнага сайта упершыню за апошнiя 17 гадоў караюць за абразу беларускай мовы (гаворка ішла пра білборд "Славіі").

— Прэс-службы клубаў і самі клубы сістэмна ці час ад часу прасоўваюць беларускае слова.

— Спартсмены ўдзельнічаюць у беларускім культурным жыцці.

Хтосьці скажа — дробязь. Я скажу: пазітыўная тэндэнцыя.

Мікалай Краскоўскі, «Прессбол»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]